Грузін бараніў Кіеў разам з беларусамі. Міро Ванадзе пра беларусаў у ЗСУ


Упершыню пра Беларусь Міро пачуў у дзяцінстве ад бацькі, які служыў у войску ў Берасці. І вось на вайне ва Украіне Міро пабачыў, якія беларусы ў баях.

Грузінскі добраахвотнік Міро Ванадзэ пачынаў вайсковую службу ў добраахвотніцкім батальёне «Карпацкая Сеч». Цяпер ён жаўнер Грузінскага нацыянальнага легіёну.

У мірным жыцці Міро быў спартоўцам, уваходзіў у зборную Грузіі ў грэцка-рымскай барацьбе. У 2016 годзе ён заваяваў тытул чэмпіёна свету. Атрымаўшы траўму, Міро заняўся змяшанымі адзінаборствамі (MMA) і перабраўся ва Украіну, дзе гэты спорт быў больш развіты. У новай дысцыпліне ён таксама зрабіўся чэмпіёнам свету. Сярод беларускіх добраахвотнікаў таксама ёсць чалец зборнай, чэмпіён, які рэпрэзентаваў Беларусь на Алімпійскіх гульнях:

Ваяры
Ізноў у зборнай Беларусі – цяпер ужо на фронце. Дзядзька з палка Каліноўскага
2023.05.22 20:22

Добраахвотнікам у войска Міро пайшоў у лютым 2022 года, калі пачалося поўнамаштабнае ўварванне пуцінскіх войскаў ва Украіну. Падчас абароны Кіева ён сустрэў добраахвотнікаў з Беларусі.

Пасля абароны Кіева Міро ваяваў на іншых кірунках, у тым ліку ратаваў людзей і жывёлін ад павадка ў Херсонскай вобласці, выкліканага разбурэннем Кахоўскай ГЭС. Цяпер грузінскі ваяр працуе інструктарам і трэнуе паліцэйскіх, нацгвардзейцаў, вайскоўцаў і цывільных.

Варта нагадаць, што незалежная Грузія двойчы сутыкалася з расейскай агрэсіяй: у 1992–1993 гадах і ў 2008 годзе. Ветэраны гэтых войнаў сёння служаць ЗСУ:

«Я дзякую ўсім нашым заходнім партнёрам, якія дапамагаюць нам да гэтага часу. Гэта агульная барацьба, агульны вынік – ад імя ўсіх добраахвотнікаў. Гэта вялікая дапамога. Колькі ўцекачоў у замежжы, колькі дзяцей, колькі дапамогі! Толькі павага, мы будзем гэта шанаваць і памятаць заўсёды», – кажа Міро.

Праграму «Ваяры» глядзіце кожную нядзелю на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius4»), онлайн, у закладцы «Праграмы» на нашай старонцы або на канале YouTube.

Калаж з фота: 53 ОМБр імені князя Володимира Мономаха; Полк Каліноўскага / Facebook