Станіслаў Булак-Балаховіч. Авантурнік або нацыянальны герой?


Ён ваяваў за імперыю, «чырвоных» і «белых», Эстонію, Польшчу і Беларусь. Ён быў першым беларусам, які прыдумаў сабе тытул «Бацька», і гэта пайшло ў народ. Хто ж такі Станіслаў Булак-Балаховіч? І чаму адныя лічаць яго героем, а іншыя – авантурнікам?

Станіслаў Булак-Балаховіч нарадзіўся ў 1883 годзе на мяжы Літвы і Беларусі ў сялянскай сям’і. Бацькі хацелі, каб сын стаў святаром, але ён пайшоў у аграномы, ды ўладкаваўся на працу ў адным з маёнткаў на Віленшчыне.

«На сваім апошнім месцы працы Станіслаў Булак-Балаховіч арганізаваў добраахвотную пажарную каманду і сам узначаліў яе. Відаць, ужо ў тыя часы Станіслаў Булак-Балаховіч любіў гарачыя кропкі», – распавядае вядоўца праграмы «Вусы Скарыны» Цімох Акудовіч.

З пачаткам Першай сусветнай вайны ў 1914 годзе Станіслаў разам з братам Язэпам арганізаваў атрад добраахвотнікаў і выправіўся на вайну. Як склалася вайсковая кар’ера Станіслава Булак-Балаховіча? Чаму ён на чале свайго атраду перакідваўся то да «чырвоных», то да «белых», то да эстонцаў і палякаў? Як Станіслаў Булак-Балаховіч падтрымаў БНР і спрабаваў у 1920 годзе адбіць частку Беларусі ў бальшавікоў? Што з гэтага атрымалася – і як скончылася жыццё таленавітага вайскоўца? Адказы шукайце ў новым выданні праграмы «Вусы Скарыны».

«Балаховіч, найперш, быў арганічным гульцом сваёй эпохі, часу анархіі і развалу імперыяў. Ён марыў пра вялікую ўладу і ваенную славу, інтрыгаваў, прыстасоўваўся, мяняў уладароў некалькі разоў на год, праяўляў жорсткасць, не зразумелую нам цяперашнім, але цалкам звычайную для тых часоў, і шукаў сваю радзіму», – адзначае Цімох Акудовіч.

Праграму «Вусы Скарыны» глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, у архіве на нашай старонцы або на канале YouTube.