«Мы з сябрам вырашылі – трэба ехаць!» Чаму Сяргей Бяспалаў далучыўся да палка Каліноўскага


Калі расейскія захопнікі рваліся заняць Кіеў у лютым 2022 года, у горадзе загаварылі пра тое, які лёс падрыхтавалі акупанты беларускім актывістам. Сяргей зразумеў, што мае нешта зрабіць. Сяргей Бульба параіў нашаму герою звярнуцца ў полк «Азоў».

Сяргей Бяспалаў – блогер, журналіст, былы беларускі добраахвотнік.

Падчас пандэміі каронавіруса наш герой супрацоўнічаў з Сяргеем Ціханоўскім, «піярыў» ягоныя ролікі з каналу «Страна для жизни». Потым у Беларусі пачалася хваля затрыманняў апазіцыйных дзеячаў і грамадскіх актывістаў. Калі 25 чэрвеня затрымалі Ігара Лосіка, добрага сябра і калегу Сяргея Бяспалава, ён пастанавіў з’ехаць з краіны. Ігар Лосік асуджаны на 15 гадоў, ягоная жонка Дар’я Лосік – на 3 гады.

Сяргей уладкаваўся ў Кіеве, да 2021 года працаваў на радыё «Свабода», вёў YouTube-канал. Калі Пуцін распачаў уварванне, расейская ракета ўдарыла ў шматпавярховы дом, які стаяў насупраць будынку, дзе жыў Сяргей. Наш герой адчуў сваю безабароннасць і захацеў паўплываць на сітуацыю. Сяргей Бульба параіў яму далучыцца да беларускіх добраахвотнікаў. Гэтак журналіст трапіў у беларускую роту палка «Азоў», якая потым вырасла ў полк Каліноўскага.

Цяпер Сяргей жыве ў Варшаве, і ён упэўнены, што «што кожны павінен займацца сваёй справай, кожны павінен працаваць на тое, каб мы ўсе вярнуліся ў Беларусь. Гэта шлях толькі аб’яднання».

Сяргей распавёў пра сваю дзейнасць у Беларусі ды ўцёкі ад міліцыянтаў праз вакно. Пра атмасферу ў Кіеве, калі расейскія войскі спрабавалі заняць сталіцу Украіны, а з тэрыторыі Беларусі ляцелі ракеты. Як праходзіла падрыхтоўка беларускіх добраахвотнікаў? Які сувенір застаўся Сяргею на памяць ад Брэста (Івана Марчука)?

Праграму «Ваяры» глядзіце кожную нядзелю на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius4»), онлайн, у закладцы «Праграмы» на нашай старонцы або на канале YouTube.

Калаж з фота: Bes Live / telegram