«Я расплакалася: яна сядзіць, сама сядзіць!» Маленькая ахвяра АМАПу пачала рэабілітацыю


Паліна нарадзілася на 2 месяцы раней за тэрмін. Усё праз стрэс, перажыты мамаю, калі затрымалі мужа. Сям’я з’ехала ў Польшчу. Тут атрымалася распачаць курс рэабілітацыі Паліны. Хто зрабіў гэта магчымым – у нашым матэрыяле.

Аліна і Янка (імёны змененыя ў мэтах бяспекі) пасля выбараў 2020 года ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту. Урэшце па Янку прыйшлі чацвёра амапаўцаў у поўнай амуніцыі з аўтаматамі. Разам з імі былі і знаёмыя міліцыянты, якія добра ведалі нашых герояў.

На вачах у цяжарнай Аліны сілавікі схапілі ейнага мужа. Пасля перажытага стрэсу і пагрозаў яна нарадзіла дачку Паліну на два месяцы раней за тэрмін. Дзяўчынка важыла ўсяго 1800 грамаў. Ёй была патрэбная дапамога: яна не магла рухаць правай рукой і ўвесь час выпроствала ножкі.

Адразу пасля выхаду выдання пра Паліну да нас звярнуўся Беларускі дом у Варшаве з прапановаю аплаціць першы курс рэабілітацыі. Хутка бацькі ўбачылі змены: дачка пачала карыстацца праваю ручкаю, навучылася сядзець, згінаць ножкі ў каленях. Калі Паліна ўпершыню самастойна села, Аліна расплакалася ад шчасця.

Бацькі таксама адзначаюць, што Паліна павесялела.

«Палінка павесялела. Яна падужэла. Яна ў сабе заўважыла гэтыя сілы і па максімуме пачынае новыя магчымасці свайго цела выкарыстоўваць. Задаволеная, сама цешыцца сабою, сваімі магчымасцямі», – дзеліцца бацька.

На сродкі, атрыманыя ад нашых гледачоў, сям’я купіла адмысловы дзіцячы вазок і масажор. Вазок дапамагае фіксаваць цела дзіцяці, каб тое вучылася сядзець. А масажор патрэбны, каб расслабляць напружаныя цягліцы і здымаць тонус. Акрамя таго, сродкі пайшлі на неабходныя побытавыя выдаткі.

Калядныя падарункі нашым героям зрабіла і арганізацыя беларускай дыяспары ў Нямеччыне «Verein MARA e.V.».

Сярод тых, хто дапамог Паліне, – герой іншай нашай праграмы, прадпрымальнік Андрэй, які апынуўся ў Германіі ў лагеры для мігрантаў. Грошы, якія яму перавалі нашыя гледачы, ён папрасіў скіраваць Паліне.

Расчуленыя Аліна і Янка таксама хочуць дапамагаць беларусам.

«Мы з жонкаю вырашылі, што калі мы ўжо з гэтага выкараскаемся, з Палінаю вырашым усё, то абавязкова будзем іншым беларусам дапамагаць. Нам ужо на гэтым этапе хочацца – мы бачым нейкія зборы, BYSOL і г. д.», – кажа Янка.

Але ўсё гэта толькі першы этап. Паліну чакае другі курс тэрапіі, Войта-тэрапія. Таму заклікаем гледачоў дапамагчы сабраць сродкі на наступны этап тэрапіі.

Калі сярод вас ёсць тыя, хто хацеў бы падзяліцца сваімі гісторыямі альбо падтрымаць нашых герояў (гэта можна зрабіць як публічна, так і ананімна) – лістуйце нам:

belarus2belarus@gmail.com

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога. Дзе мы разам – там праўда!

Далучайцеся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.