«Сёння ўсё падрыхтавана да змены ўлады ў Беларусі»


Прыбраць Лукашэнку, паводле прыкладу Макея, Крэмль можа дзеля змены ўлады ў Беларусі, лічыць Рымашэўскі. Лукашэнка – хаўруснік Расеі, замах на яго не карысны Крамлю, лічыць Быкоўскі. Хто мае рацыю?

«Ці сапраўды Расея хацела б прыбраць Лукашэнку – або ён яе цалкам стратэгічна задавальняе?» – тэма чарговага выдання праграмы «Двубой» з Віталём Цыганковым.

Забойства палітычных апанентаў, а таксама былых хаўруснікаў, – тое, што Крэмль рабіў неаднойчы. У тым ліку ў дачыненні кіраўнікоў так званых народных рэспублік, прыклад якіх павучальны, калі гаворым пра Аляксандра Лукашэнку, чорнай меткай для якога стала смерць Уладзіміра Макея. У гэтым перакананы палітык Віталь Рымашэўскі.

Палітычны эксперт Павел Быкоўскі з ім не згодны і тлумачыць, што Лукашэнка не выступае апанентам Крамля.

«Па-першае, Лукашэнка грае ролю надзейнага суседа, які не ставіць пад рызыку нацыянальныя інтарэсы Расеі і падтрымлівае стабільнасць якую-ніякую ў Беларусі. Гэта выгадна Крамлю. Замах на Лукашэнку можа выклікаць хаос у Беларусі, можа пацягнуць безуладдзе, можа нават прывесці да нейкіх рэвалюцыйных працэсаў у Беларусі. Значыць, працэс будзе непрадказальны, і не факт, што крывая выведзе на таго чалавека, які карысны Крамлю. Гэта магчыма, але рызыкоўна. Ліквідацыя Лукашэнкі можа адкрыць магчымасці для дыялогу часткі беларускай эліты з пэўнымі асобамі на Захадзе, якія гатовыя ўключыцца ў дыялог з цяжкім партнёрам з аднаго боку, а тыя, хто прыйдзе на змену Лукашэнку, – яны будуць пачынаць з чыстай дошкі… Лукашэнка захоўвае пэўную долю легітымнасці, прынамсі ў вачах значнай часткі незаходніх краінаў, і мае права голасу ў ААН, што карысна Крамлю. Калі адбудзецца пераварот з забойствам, то гэта можа паставіць інтарэсы Расеі пад удар… Лукашэнка даволі часта выступае як проксі або «незалежны» голас для расейскай прапаганды. Ён кажа тое, што трэба, як пацвярджэнне чалавека звонку… Пазбаўляцца ад такога хаўрусніка – кепска. А вось ставіць пад рызыку тое, што будзе лепшы або іншы чалавек прыйдзе на змену, – не ёсць адказнай палітыкай. Крэмль рэдка робіць такія крокі», – скрупулёзна разглядае сітуацыю Павел Быкоўскі.

Аднак Віталь Рымашэўскі перакананы ў іншым, і ён дадае, што ў Лукашэнкі нават цяпер ёсць высокі шанец палепшыць дачыненні з Захадам, распачаўшы традыцыйны для яго гандаль палітзняволенымі.Але чаму гэтага не адбываецца? Ці можа Беларусь зрабіцца суцяшальным прызам для Расеі ў выпадку яе паразы ў вайне супраць Украіны? Хто можа замяніць Лукашэнку ў выпадку ягонага адыходу? І дзе тыя чырвоныя лініі паміж Беларуссю і Расеяй, пераход якіх і зробіцца для Лукашэнкі фатальным?

Адказы шукайце ў новым выданні праграмы «Двубой» з Віталём Цыганковым.

Госці праграмы:

Віталь Рымашэўскі, лідар Беларускай хрысціянскай дэмакратыі;

Павел Быкоўскі, палітычны эксперт, аналітык «Media IQ».

Праграму «Двубой» глядзіце на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат News» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.