Як беларусы і ўкраінцы перамагаюць у інфармацыйнай вайне з дапамогай космасу?


Ён заўжды над намі. Ён нібыта пусты і нібыта бясконцы, але ўсё яшчэ невядомы і нязведаны. Космас – сусветны парадак нябесных целаў, які чалавецтва здаўна хоча скарыць. Сёння ў «Глабальным пытанні» мы паглядзім, навошта людзі выдаюць такія вялікія грошы на касмічныя праграмы, і што яны даюць кожнаму з нас.

Ракеты, Цэнтр кіравання палётамі, Міжнародная касмічная станцыя, міжпланетныя апараты і безліч спадарожнікаў на арбіце – асваенне космасу заўжды было дарагой справай. Малаток для касманаўта будзе ў сто разоў даражэйшы за малаток на Зямлі. Ён мусіць быць звышнадзейны, бо там, на арбіце, яго няма чым замяніць.

Для параўнання: гадавы бюджэт NASA – амерыканскага касмічнага агенцтва – $ 24 млрд. Сёлетні бюджэт касмічнай агенцыі Еўразвязу – $ 7 млрд. Гэта на мільярд менш, чым выдаткі на Чэмпіянат свету па футболе ў Катары ($8 млрд). Але касмічныя бюджэты акупаюцца на зямлі.

«Кожны грамадзянін нашай планеты мае дачыненне да касмічных дасягненняў. Гэта інтэрнэт, мабільная сувязь, спадарожнікавая сувязь, тэлебачанне і цэлы шэраг іншых пытанняў», – тлумачыць Эдуард Кузняцоў з Дзяржаўнага касмічнага агенцтва Украіны.

Прагноз надвор‘я мы даведваемся дзякуючы назіранням з арбіты. Навігацыя ў вашым мабільніку і навігацыя вялізных караблёў на моры – гэта цывільнае ўжыванне вайсковай групоўкі спадарожнікаў GPS. І на стыхійныя бедствы мы таксама глядзім з космасу.

«Гэта разліў рэчак, нечаканыя штормы, лясныя пажары. Усё гэта знаходзіцца пры дапамозе спадарожнікаў дыстанцыйнага зандавання Зямлі, і маментальна прымаюцца рашэнні», – тлумачыць адмысловец.

Хоць скарэнне Месяцу і каланізацыя Марсу хвалявалі людзей ад пачатку часоў, сапраўдная касмічная гонка пачалася толькі падчас халоднай вайны. Першы апарат на арбіце «Спутник» – зʼявіўся, як глабальная дэманстрацыя магчымасцяў Савецкага Саюзу запускаць міжкантынентальныя балістычныя ракеты. Супрацьстаянне СССР і Амерыкі мабілізавала іх эканоміку, каб даганяць і пераганяць адно аднога, ідэалагічна і тэхналагічна.

«Гонка ўзбраенняў была рухавіком тэхнічнага прагрэсу, тэхнічных распрацовак па абодва бакі акіяну. Сёння шмат якія тэхналогіі ўзнікаюць, як тэхналогіі падвойнага прызначэння, або ваеннага прызначэння, а потым становяцца ўжывальнымі ў цывільнай галіне», – падкрэслівае аналітык Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

Халодная вайна скончылася ў тым ліку таму, што савецкая планавая эканоміка не асіліла Стратэгічнай абароннай ініцыятывы «Зорныя войны», абвешчанай амерыканскім прэзідэнтам Роналдам Рэйганам. Афіцыйна на арбіце мусілі зʼявіцца цэлыя эшалоны проціракетнай абароны ЗША, каб не дапусціць ядравай вайны. Але да гэтага не дайшло – Саюз надарваўся і разваліўся, і частку ядравага арсеналу перарабілі ў службу дастаўкі арбітальных грузаў.

«Праект ракет СС-18, або, як яе называлі на Захадзе, «Сатана» – мы яе ператварылі ў мірны носьбіт», – распавядае Эдуард Кузняцоў.

«Вайна ў большай ступені абмяжоўвае тэхналогіі і свабодны трансфер тэхналогіяў. Бо калі краіны зачыняюцца адно ад аднога, гэта спыняе свабодны глабальны навуковы абмен», – тлумачыць Андрэй Ягораў.

Адзін з сімвалаў абмену тэхналогіяў і супрацы – Міжнародная касмічная станцыя на арбіце, дзе пастаянна жывуць і працуюць экіпажы з розных краінаў. ЗША і Расея, краіны Еўразвязу, Канада, Японія і Аўстралія. Таксама свае арбітальныя праграмы маюць Кітай, Індыя, Ізраіль ды нават Іран.

«У ЗША на развіццё касмічнай галіны вылучаецца $ 73 ў пераліку на кожнага жыхара. У Еўразвязе – больш за € 10. Ва Украіне 2 грыўні. Гэта надзвычай мала», – падкрэслівае прадстаўнік Дзяржаўнага касмічнага агенцтва Украіны.

Праектаў безліч, у тым ліку камерцыйных.

«І капіталістычная сістэма спрыяе таму, каб людзі былі зацікаўленыя выйграць у канкурэнцыі», – тлумачыць палітычны аналітык Вадзім Мажэйка.

У 21-м стагоддзі на касмічны рынак прыйшлі прыватныя кампаніі. Самы яскравы прыклад – «SpaceX» Ілана Маска. Кампанія першая і адзіная стала саджаць і па новай выкарыстоўваць ракеты-носьбіты, чым абваліла кошты дастаўкі грузаў і людзей на арбіту. Расея пачала страчваць гэты рынак яшчэ да моцных антываенных санкцыяў.

Калі казаць зусім проста, дзяржаўную касмічную праграму там раскралі.

«Шмат пытанняў вырашаюцца і без РФ. Таму нядаўна яны заявілі аб будучым выхадзе з праекту працы Міжнароднай касмічнай станцыі», – распавядае Эдуард Кузняцоў.

Беларусь у касмічнай гонцы, на жаль, на перадапошніх пазіцыях. На арбіту паляцелі 2 касмічных апараты БелКА – адзін з іх няўдала, бо разбілася расейская ракета-носьбіт.

Аляксандр Лукашэнка, не пакідае спадзеваў запісаць космас ва ўласныя дасягненні. Але яны пакуль абмяжоўваюцца паездкамі на расейскі касмадром «Восточный» і сяброўскімі сустрэчамі з Алегам Навіцкім, расейскім касманаўтам беларускага паходжання.

Але ёсць касмічная тэхналогія, якую Аляксандр Лукашэнка моцна не любіць. Гэта наш «Белсат» – адзіны ў свеце незалежны беларускамоўны тэлеканал.

«Гэта крыніца для атрымання інфармацыі, альтэрнатыўнай дзяржаўнаму тэлебачанню», – кажа Андрэй Ягораў.

«Спадарожнік нельга заблакаваць, неяк абмежаваць», – тлумачыць Ілля Суздалеў, прадстаўнік «‎Белсату» ва Украіне.

Белсат дасяжны праз спадарожнікавыя антэны, якія можна купіць у прыватным парадку. Інструкцыя наладкі ў нас на старонцы Belsat.eu.

З вось такіх талерак-перадатчыкаў тэлесігнал «Белсата» перадаецца на спадарожнік «‎Астра 4А», а адтуль ідзе на зямлю. Наш эфір ловяць не толькі прыватныя талеркі, але таксама буйныя і дробныя кабельныя правайдары ў свабодных дзяржавах, такіх, як Польшча ці Украіна.

Як тлумачыць Ілля Суздалеў, нашая перавага – гэта адкрытая ліцэнзія.

«Любы правайдэр, у прыватнасці, ва Украіне, можа браць наш сігнал, і трансляваць яго ў сваіх сетках, уключаць у свае пакеты, і гэта не патрабуе дазволу ад тэлеканалу менавіта ў юрыдычнай плашчыні», – тлумачыць прадстаўнік «‎Белсату» ва Украіне.

У Беларусі і Расеі «Белсат» у «чорным спісе» для кабельных аператараў.

«Аўтарытарыі заўсёды імкнуцца да таго, каб абмежаваць свабоду прэсы, свабоду журналістыкі ў грамадстве. Забараняюць газеты, тэлебачанне», – нагадвае палітычны аналітык Вадзім Мажэйка.

«Тэхнічная інфраструктура пашырае магчымасці людзей у свабодным доступе да незалежнай інфармацыі. Але апроч інфраструктуры мусіць быць яшчэ жаданне людзей атрымліваць гэтую інфармацыю, яе шукаць», – мяркуе аналітык Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

З пачаткам адкрытай фазы вайны Расеі супраць Украіны звычайныя спадарожнікавыя антэны шмат для каго сталі незаменнай крыніцай інфармацыі. Бо частка тэлевежаў пашкоджаная расейскімі ракетамі, а частка – захопленая акупацыйнымі войскамі.

Але і падчас вайны можна зрабіць неймавернае. Украінцы праз дабрачынны фонд сабралі грошы, каб набыць для выведкі цэлы спадарожнік ICEYE плюс гадавую падпіску на інфармацыю з гэтай групоўкі спадарожнікаў. ICEYE практычна ў рэжыме рэальнага часу выявіў каля 3 тысячаў адзінак расейскай вайсковай тэхнікі.

«Да нядаўняга часу выведныя звесткі ўкраінская выведка, украінскія вайскоўцы атрымлівалі перадусім ад партнёраў з амерыканскіх спадарожнікаў, еўрапейскіх спадарожнікаў. То бок гэта была інфармацыя, якой дзяліліся партнёры Украіны», – распавядае Ілля Суздалеў.

Яшчэ адна касмічная рэч, якая дапамагае ўкраінцам адбіваць агрэсію – глабальная сістэма спадарожнікаў «Старлінк», якая раздае абанентам шырокапалосны інтэрнэт проста з арбіты. Дзякуючы «Старлінку» выходзілі на сувязь з блакады абаронцы «Азоўсталі» ў Марыупалі. Праз «Старлінк» каардынуюцца ўкраінскія войскі і працуюць кампаніі, для якіх інтэрнэт крытычна важны. У тым ліку і ўкраінская рэдакцыя «Белсату».

«Старлінк гэта сродак сувязі, які нам дапамагае незалежна ад таго, ці ёсць электрычнасць, сувязь. Бо ў нас яшчэ ёсць генератар. Цяпер мы заўжды можам своечасова змантаваць сюжэт і яго перагнаць, каб ён своечасова быў у эфіры», – тлумачыць прадстаўнік «‎Белсату» ва Украіне.

З часам касмічная раздача інтэрнэту можа стаць звычайнай справай, як мабільная сувязь, мяркуе Вадзім Мажэйка.

«Усе тэхналогіі яны толькі таннеюць. Няма тэхналогіі, якая робіцца даражэйшай. Тэлевізары, кампʼютары, аўтамабілі, мабільныя тэлефоны – толькі таннее і таннее, і робіцца дасяжным усё большай колькасці людзей», – мяркуе Вадзім Мажэйка.

Дзве рэчы напаўняюць маю душу святым трымценнем – зорнае неба над галавой, і маральны закон унутры нас. Так казаў філосаф Імануіл Кант у сваёй «Крытыцы практычнага розуму». З тых часоў мы, людзі, сталі трошкі бліжэй да зорак. Было б няблага, калі да іншых планетаў мы даляцелі ўсё яшчэ чалавечнымі ўсё яшчэ людзьмі.