Мікалай Судзілоўскі. Вораг Расеі і першы прэзідэнт Гаваяў з Магілёва


Мікалай Судзілоўскі з Магілёва змагаўся за вызваленне народаў Расейскай імперыі, стаў яе ворагам, але героем 10 краінаў. Вядомы як Нікалас Русэль і Каўка Лукіні – першы прэзідэнт Гаваяў. Да канца марыў вярнуцца ў Беларусь.

Мікалай Судзілоўскі нарадзіўся 15 снежня 1850 года ў Магілёве, навучаўся ў гімназіі, з якой выйшлі даследнік полюса Ота Шміт, генерал Міхаіл Чарняеў і доктар-афтальмолаг Ярафей Касценіч. Далей былі Пецярбургскі і Кіеўскі ўніверсітэты. Але з ранніх гадоў Мікалай зацікавіўся ідэямі сацыялізму. Барацьбе за ўсеагульную справядлівасць ён прысвяціў усё жыццё.

Вымушаны пакінуць радзіму, Мікалай Судзілоўскі змяніў прозвішча на Нікалас Русэль і ўпісаў сваё імя ў гісторыю Балгарыі і Румыніі, змагаўся за іх вызваленне. Але і там яму не ўдалося затрымацца – Судзілоўскі эміграваў у ЗША, адкуль пераехаў на Гаваі, якія ў 1898 годзе былі паглынутыя Злучанымі Штатамі. Гэта не спадабалася Мікалаю Судзілоўскаму, які намагаўся вярнуць астравам колішнюю незалежнасць і нават зрабіўся іх першым прэзідэнтам. Але ўсяго на год, а пасля быў вымушаны з’ехаць у Кітай і далей у Японію.

Мікалай Судзілоўскі з надзеяю ўспрыняў Лютаўскую рэвалюцыю, але прыход да ўлады бальшавікоў лічыў гістарычнаю памылкаю. Нягледзячы на такое стаўленне, новыя ўлады на тэрыторыі Расеі нават прызначылі яму пенсію, а пасля з’яўлення БССР Судзілоўскі жадаў вярнуцца на Радзіму. Але не ўдалося. Ён памёр у 1930 годзе, так і не ажыццявіўшы сваёй апошняй мары.

Гісторыю насычанага жыцця Мікалая Судзілоўскага глядзіце ў новым выданні праграмы «Вусы Скарыны» Цімоха Акудовіча.

Праграму «Вусы Скарыны» глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, у архіве на нашай старонцы або на канале YouTube.

Калаж з фота: Белсат; Wikimedia Commons