«Я табе як маці раю: прыедзь, адсядзі і будзеш жыць свабодна». Сілавікі паклікалі беларуса вярнуцца з-за мяжы


Мацвей паспеў пабачыць, як працуюць сілавікі Лукашэнкі, як яны праводзяць ператрусы, як знішчаюць старыя пратаколы і пішуць новыя, як праходзіць суд. Каб пазбегчы лёсу палітвязня, ён пакінуў Беларусь. Але сілавікі не здаліся і спрабавалі завабіць яго дадому.

Мацвей выйшаў на пратэсты ў жніўні 2020 года, як ён кажа, за забітых людзей і пакалечаныя чалавечыя лёсы. Так сталася, што ў яго быў бел-чырвона-белы мегафон. Ён прыдаўся на мітынгах, каб выкрыкваць лозунгі «Жыве Беларусь!» і «Вы скралі нашыя галасы!»

28 кастрычніка 2020 года ў дзверы кватэры Мацвея пазванілі. Гэта былі міліцыянты, якія прыехалі правесці ператрус. У выніку нашага героя затрымалі «за БЧБ», хаця панятыя пераконвалі сілавікоў у беспадстаўнасці затрымання.

Наступнымі дзівіліся працаўнікі Следчага камітэту. Высветлілася, што яны не маюць крымінальнае справы супраць Мацвея. Больш за тое, давялося знішчаць пратаколы затрымання і пісаць новыя.

«Пры мне зніштожылі пратаколы майго затрымання і зрабілі новы, быццам я прыйшоў з павіннаю і прызнаўся, – распавядае Мацвей. – І нават самыя сілавікі, якія былі ў СК, былі ў шоку».

Мацвей распавёў, чаму ён навучыўся, пакуль чакаў суда. Як праходзіў суд і хто праявіў болей імпэту – суддзя ці пракурор. У які момант і чаму ён пастанавіў з’ехаць. Як яго шукалі і пагражалі бацькам. Як працаўніца Дэпартаменту выканання пакаранняў МУС па-мацярынску параіла вярнуцца, адсядзець і «жыць свабодна». Хто яго падтрымлівае цяпер, за мяжой.

Мацвей вельмі сумуе па сям’і, асабліва па малодшым браце. Не можа распавядаць пра яго без слёзаў. Ён марыць сустрэцца з роднымі, але зрабіць гэта можна толькі за межамі Беларусі, напрыклад, у Грузіі, дзе няма вайны і куды беларусы могуць прыехаць без візы.

Калі вы хочаце падтрымаць Мацвея або іншых нашых герояў – лістуйце да нас: belarus2belarus@gmail.com

Гэта можна зрабіць з любога пункту свету. Публічна ці ананімна.

І памятайце: беларус беларусу і беларус украінцу – любоў, падтрымка і перамога. Дзе мы разам – там праўда!

Далучайцеся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.

Калаж з фота: СБ ТВ / YouTube