Ігнат Дамейка. Як зрабіцца сусветна вядомым


Яго імем названы кветкі, жывёлы, у тым ліку дыназаўр, населеныя пункты, астэроід і горны цэп. Ігнат Дамейка з-за ўдзелу ў паўстанні вымушаны быў пакінуць радзіму, каб праславіцца за мяжой і зрабіцца адным з найбольш знаных у свеце ўраджэнцаў Беларусі.

Ігнат Дамейка нарадзіўся 31 ліпеня 1802 года ў маёнтку Мядзвядка (цяпер гэта вёска ў Карэліцкім раёне) у сям’і старадаўняга тутэйшага роду. Вышэйшую адукацыю ён атрымліваў у Віленскім універсітэце, дзе далучыўся да таварыства філаматаў і пасябраваў з Адамам Міцкевічам, Тамашам Занам і Янам Чачотам. Але ў 1823 годзе студэнцкія таварыствы былі забароненыя царскімі ўладамі, а сам Дамейка апынуўся пад хатнім арыштам у маёнтку Жыбуртоўшчына. Тут ён дапамагаў свайму дзядзьку па сельскай гаспадарцы і адсюль рушыў у паўстанцкія шэрагі, калі на тэрыторыі колішняй Рэчы Паспалітай успыхнула паўстанне супраць Расейскай імперыі. У 1830-1831 гадах Ігнат Дамейка змагаўся поруч з легендарнай Эміліяй Плятэр, але пасля паразы паўстання вымушаны быў апынуцца на міграцыі.

«У эміграцыі Дамейка ратаваўся актыўнай грамадскай і навуковай дзейнасцю. Прымаў удзел у шматлікіх грамадскіх камітэтах і камісіях, сярод якіх было Таварыства літоўскіх і рускіх земляў. Яно дапамагала эмігрантам з Беларусі і Літвы. Гэта да таго, ці адчувала наша шляхта сваё адрозненне ад палякаў у 19 стагоддзяў. То вось вам аргумент, што адчувала», – распавядае Цімох Акудовіч, вядоўца праграмы «Вусы Скарыны».

І тут, у Парыжы, у 1837 годзе Ігнат Дамейка атрымаў шанец, якім нельга было не скарыстацца. Ён адправіўся ў маладую краіну Чылі, якая набыла незалежнасць толькі ў 1818 годзе, і цягам наступнага паўстагоддзя рупліва працаваў на яе карысць. Ды так паспяхова, што стаў нацыянальным героем Чылі.

«Гісторыя Дамейкі – гэта яшчэ адна трагічная гісторыя патрыёта свайго краю, які вымушаны быў аддаць свой талент не радзіме, а зусім іншай – чужой краіне, якая, дарэчы, па сённяшні дзень застаецца адной з найбольш развітых краін Лацінскай Амерыкі», – тлумачыць Цімох Акудовіч.

Як Ігнат Дамейка вымушаны быў пакінуць радзіму і не згубіўся за мяжой? Як яму выпаў шанец, які ў выніку зрабіў яго сусветна вядомым? І якую мару насіў у сабе Ігнат Дамейка больш паўстагоддзя? Глядзіце ў новым выданні праграмы «Вусы Скарыны».

Праграму «Вусы Скарыны» глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, у архіве на нашай старонцы або на канале YouTube.

Калаж з фота: Belsat; Wikimedia Commons

Гісторыі
«Сын ліцвінскіх лугоў і палёў». Да 220-годдзя Ігната Дамейкі
2022.07.31 12:10