Ці чакаць узброеных правакацыяў з боку Пуціна ці Лукашэнкі падчас вучэнняў «Захад-2021»? Якія абмежаванні ствараюць для Беларусі дарожныя мапы Лукашэнкі і Пуціна? Чаму Васкрасенскі аціраўся на эканамічным форуме ў Польшчы, і што кіруе ягонымі ўчынкамі? Як успрымаць баявое дзяжурства ў Беларусі расейскіх ЗРС С-400 і самалётаў Су-30? На гэтыя ды іншыя пытанні шукалі адказаў удзельнікі чарговага выдання праграмы Змітра Міцкевіча «Без акрэдытацыі».
Гэтым разам гасцямі праграмы былі журналістка Марыля Дакуцька, журналіст-фрылансэр Зміцер Галко, а таксама прэс-сакратар Каардынацыйнай рады Антон Раднянкоў.
Колькі тэзісаў з выступаў гасцей
Антон Раднянкоў
- Некаторыя беларускія чыноўнікі ад эканомікі хочуць падпісання дарожных мапаў з Расеяй, бо ўсталюецца хоць нейкі закон, ім будзе зручней працаваць
- Васкрасенскі адсутнічаў на трэцім дні форуму ў Карпачы – якраз тады, калі абмяркоўваліся пытанні Беларусі
- З Лукашэнкам трэба весці перамовы, як вядуць перамовы з тэрарыстам, які ўзяў закладнікаў, – пакуль рыхтуецца група захопу і снайперы
Зміцер Галко
- Такое ўражанне, што Лукашэнка ўжо губернатар Паўночна-Заходняга краю: бегае як цюцька да Пуціна, выконвае ўсе загады «боса»
- Васкрасенскім, хутчэй за ўсё, кіруюць асабістыя амбіцыі. Бо кім ён быў? Каардынатар мікрараёну – гэта несур’ёзна
- У заявах Зянона Пазняка ёсць подласць, ён абвінавачвае ў тым, што адбываецца, ахвяру – беларускі народ, а не Лукашэнку
Марыля Дакуцька
- Расейскаму грамадству падзеі 2020 года расплюшчылі вочы на сітуацыю ў Беларусі, яны не хочуць яшчэ аднаго датацыйнага рэгіёну
- Вучэнні «Захад-2021» – гэта шоу, каб прадэманстраваць Захаду сваё «сяброўства» і гатоўнасць да сілавых дзеянняў
- Да Зянона ёсць адно проста пытанне: а што вы зрабілі дзеля таго, каб не было гэтых 27 гадоў, каб беларусы не перажылі ўсяго таго гвалту за апошні год?
Поўную версію дыскусіі глядзіце ў праграме «Без акрэдытацыі».
Калаж з фота: t.me/yuryvoskresensky / coomons.wikimedia.org