Для беларусаў важнае «абы не было вайны», а для расейцаў? «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою


Дзень перамогі для Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі выглядаў фатальна. Святочная атака па Украіне расейскіх дронаў і ракетаў правалілася. Украінцы збілі амаль усе. Якія высновы трэба зрабіць з шоу 9 траўня? Што яно сёлета значыць для дыктатараў Беларусі і Расеі? Сёння мы будзем аналізаваць гэта ў «Прасвеце». Гэта 500-е выданне нашай праграмы. Яна выходзіць у эфір з 2010 года. З гэтае нагоды – эксклюзіўнае інтэрв’ю Сяргея Пелясы з генерал-лейтэнантам арміі ЗША ў адстаўцы Бэнам Годжэзам пра вайну ва Украіне і ролю ў ёй рэжыму Лукашэнкі.

Чаму для беларусаў важнае «абы не было вайны», а для расейцаў – «можам паўтарыць»?

Аляксандр Лукашэнка адсвяткаваў Дзень перамогі як здолеў: хоць і хворы, але паспеў і ў Маскву, і ў Менск. Паўсюль гучалі прамовы пра геройства савецкіх салдатаў ды падступныя планы Захаду і ворагаў навокал. У сістэме каардынатаў дыктатара 9 траўня застаецца адным з найгалоўнейшых святаў – у гэты дзень можна паказваць сябе гарантам мірнага неба над галавою ды захавальнікам памяці пра вялікі савецкі подзвіг. Але дыктатар, відаць, не заўважыў, як тэма Другой сусветнай вайны стала працаваць не на карысць яму, а супраць. Чым адрозніваецца бачанне Вялікай Айчыннай вайны ў Беларусі ды ў Расеі? Чаму для нас важнае «абы не было вайны», а для расейцаў – «можам паўтарыць»? Высвятляла Ірэна Кацяловіч.

Ці можа Лукашэнка сказаць «не» Уладзіміру Пуціну ў справе ядравай зброі? Інтэрв’ю з генерал-лейтэнантам ЗША

Крым вызначае ўсё. Ёсць магчымасць вызваліць яго нават да канца лета – і тады вайна скончыцца да канца года. Што для гэтага трэба? Колькасць удараў з тэрыторыі Беларусі па Украіне зменшылася, у чым прычына? Ці можа Лукашэнка сказаць «не» Уладзіміру Пуціну ў справе ядравай зброі? Падрабязнасці – у інтэрв’ю Сяргея Пелясы з Бэнам Годжэзам, генерал-лейтэнантам арміі ЗША ў адстаўцы, былым камандуючым амерыканскімі сіламі ў Еўропе.

Пуцінскі культ мёртвых. Навошта Сяргей Шайгу перахрысціўся?

Уладзімір Пуцін працягвае эксплуатаваць культ мёртвых. Святкаванне Дня Перамогі набывае ўсё больш перакручаныя формы. У Расеі папулярныя сэкс-вечарынкі з георгіеўскай сімволікай, маршы пуцінюгенда, святочныя калоны супрацоўнікаў папраўчых калоній. Чым ідэалогія пуцінскай Расеі падобная да нямецкага нацызму і ў чым яе адрозненні? Чаму Сяргей Шайгу, міністр абароны Расеі, перахрысціўся перад Парадам Перамогі? Якая дэталь святкавання перамогі магла б жахнуць дзядоў, якія перамаглі нацызм? Што азначае тэрмін «рашызм»? Падрабязней у сюжэце Вольгі Міцкевіч.

На Краснай плошчы і ва Украіне. Чаму Расея не паказала 9 траўня вайсковай моцы?

Пуцінская Расея паказала сваю слабасць. Нягледзячы на вайну і атаку дронаў, Уладзімір Пуцін не адмяніў Параду перамогі. Што праўда, успамінаў не толькі ветэранаў і подзвіг савецкага народу, але і адвагу ўдзельнікаў баявых дзеянняў распачатай ім вайны ва Украіне. Не атрымалася і дэманстрацыі вайсковай моцы Расеі. Чаму? І якія мэты ставіў кіраўнік Крамля? Высвятляла Юлія Лабанава.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Сяргеем Пелясоюглядзіце шточацвер а 21:30. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілю на Facebook ! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн,на YouTube-канале і на нашай старонцы.