Пуцін патрабуе ад Лукашэнкі транзіту ўлады ў 2024. «Прасвет» з Сяргеем Пелясою


Cілавікі пачынаюць праядаць сацыяльныя праграмы Лукашэнкі

Аляксандр Лукашэнка робіць выгляд, што не вызначыўся з тым, ці плануе ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах у наступным годзе. Гэта толькі дымавая заслона. Насамрэч рэжым рыхтуецца. Лукашэнка ўзмацняе рэпрэсіі ды перасоўвае фігуры ва ўласным атачэнні. На пасаду намесніка кіраўніка ўласнай Адміністрацыі ён прызначыў прапагандыста, не самага яскравага. Адначасова сілавікі пачынаюць праядаць сацыяльныя праграмы Лукашэнкі. Сюжэт Надзеі Бельскай.

Лукашэнка сыйдзе яшчэ ў 2024 г. Хто наступны прэзідэнт? Інтэрв’ю з Анатолям Котавым

Аляксандр Лукашэнка можа пакінуць пасаду прэзідэнта Рэспублікі Беларусь да канца года. Менавіта таму яго тэрмінова выклікаў Уладзімір Пуцін у Расею. Што яшчэ будзе схаванае за мішурой святкавання Дня касманаўтыкі ў Расеі? Што азначаюць дзіўныя кадравыя перастаноўкі топавых чыноўнікаў адміністрацыі і кіраўніцтва справамі Лукашэнкі? Інтэрв’ю Сяргея Пелясы з Анатолям Котавым, былым працаўніком Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, беларускім дыпламатам і палітолагам.

Расея працягвае схіляць Кітай на свой бок у вайне 

Украінцы спадзяюцца на ўдзел кітайскай дэлегацыі ў саміце міру ў Швейцарыі. Міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў лётаў у Пекін рыхтаваць візіт Пуціна. Расея пераконвае Кітай не ўдзельнічаць у перамовах аб Украіне. Супраца Расеі з Кітаем апошнім часам вырасла настолькі, што гэта нават вЫклікала рэакцыю амерыканскай адміністрацыі, але Пекін усё яшчэ не назавеш адкрытым саюзнікам Пуціна. Ці дае Кітай вайсковую дапамогу Расеі? Што яшчэ стрымлівае афіцыйны Пекін? Пра гэта ў нашым сюжэце.

Забойца Літвіненкі ўзяў на прыцэл Казахстан 

Андрэй Лугавы цяпер дэпутат Дзяржаўнай Думы, а ў мінулым – афіцэр ГРУ Расеі. Брытанская паліцыя лічыць яго забойцам Аляксандра Літвіненкі, былога палкоўніка расейскага ФСБ. Лугавы выпусціў фільм «Казахстанскі злом», затым з’явіўся аўдыязапіс генерала Гурулёва, які матамі абклаў казахаў. Выглядае ўсё так, што ў Маскве не задаволеныя кіраўніцтвам Казахстану. Наколькі гэта сур’ёзна? Ці можа Казахстан стацца наступнаю цэллю агрэсіі Масквы, пасля Украіны? Вядоўца праграмы абмеркаваў гэтую праблему з Дымашам Альжанавым, палітолагам з Казахстану.

120 гадоў Антанты. Францыя з Вялікай Брытаніяй могуць паўтарыць?

Сто дваццаць гадоў Антанты – «сардэчнага саюзу» Вялікай Брытаніі і Францыі – адзначылі ў Лондане і Парыжы. Упершыню ў гісторыі французскія вайскоўцы ўдзельнічалі ў ганаровай варце перад каралеўскім Бакінгэмскім палацам. Дзве дзяржавы, што канфліктавалі між сабою сотні гадоў, сталі саюзніцамі за дзесяць гадоў да Першай сусветнай вайны. Францыя і Вялікая Брытанія выйшлі з абедзвюх сусветных войнаў пераможцамі. Святкаванні восьмага красавіка былі вельмі сардэчнымі. Ці не таму, што сёння ідзе поўнамаштабная вайна Расеі супраць Украіны і абвастрылася патрэба ў аднаўленні «Антант Кард’яль». Як выглядаў юбілей Антанты – паглядзіце ў нашым матэрыяле без каментара.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою глядзіце шточацвер а 21:30. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілю на Facebook! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.

belsat.eu