У нас і ў Еўропе – было, у Расеі – ніколі. Магдэбургскае права


14 сакавіка Менск адзначае 525-годдзе атрымання магдэбургскага права. Гэта тое, што было ў нас і ў Еўропе, а ў Расеі – ніколі. Якія вольныя гарады і ратушы былі ў Беларусі? Як самакіраванне паўплывала на беларусаў? Гісторыя ад «Вусоў Скарыны».

«У 1188 годзе архіепіскап Вірхман дараваў гораду Магдэбургу грамату на шэраг гарадскіх правоў, якія рабілі гэты Магдэбург дастаткова самастойным горадам шмат у якіх сферах. Калі спрошчана: ніякія мясцовыя князі і графы не маглі ў гэтым горадзе камандаваць», – тлумачыць Цімох Акудовіч, вядоўца праграмы «Вусы Скарыны».

Першым горадам у Вялікім Княстве Літоўскім, што атрымаў гэтае права, стала Вільня (1387). Першы на тэрыторыі сённяшняй Беларусі – Берасце (1390). Усяго на тэрыторыі нашай краіны больш як 50 гарадоў і мястэчак атрымалі права на самакіраванне.

«Магдэбургскае права мяняла ў горадзе сістэму ўлады. Раней было веча, а цяпер – магістрат. Магістрат быў больш складанай сістэмай улады. Ён складаўся з двух аддзелаў. Першы называўся лава, куды выбіралі толькі мужчынаў. А канкрэтная лава займалася агулам крымінальнымі пытаннямі. Другі орган кіравання называўся радаю і займаўся пытаннямі адміністрацыйнымі: што і дзе парамантаваць у горадзе, што і дзе пабудаваць. У лаву і раду штогод гараджане абіралі сваіх прадстаўнікоў. У розных гарадах іхная колькасць была рознай. Зазвычай у кожны орган кіравання – ад 6 да 24… Адзіным прадстаўніком, якога не выбіралі, быў войт. Войта прызначаў сам кароль», – тлумачыць Цімох Акудовіч.

Як гарады Беларусі атрымоўвалі магдэбургскае права? Што яно давала і чаму яго не варта ідэалізаваць? Адказы шукайце ў новым выданні праграмы «Вусы Скарыны».

Праграму «Вусы Скарыны» глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, у архіве на нашай старонцы або на канале YouTube.