Крэмль хоча забіць Лукашэнку, ці ў гэтым няма патрэбы?


Наколькі Лукашэнка самастойны, і ці хоча Расея яго ліквідаваць? Валер Карбалевіч не лічыць Лукашэнку поўнай марыянеткай Пуціна. Павел Усаў мяркуе, што Беларусь фактычна пад акупацыяй, а Лукашэнка нічога не вызначае. Хто з іх мае рацыю? Глядзіце ў новым выданні «Двубою».

«На сённяшні момант, калі мы кажам пра стратэгічныя пытанні, пра стратэгічныя інтарэсы Расеі, Лукашэнка зрэалізаваў усё тое, што было яму выстаўлена, ці ўсё тое, на што ён дамовіўся ў 2020 годзе і, магчыма, у 2021 годзе, не кажучы ўжо пра 2022 год. Я тут сыходжу выключна са стратэгічных пытанняў. Гэта не датычыць унутранай палітыкі, бо ва ўнутранай палітыцы Лукашэнка можа выконваць функцыі палітычнай адміністрацыі, як той жа гаўляйтар, ці, напрыклад, як Рамзан Кадыраў…» – лічыць Павел Усаў.

«Ступень аўтаноміі, ступень незалежнасці Лукашэнкі дастаткова вялікая», – мяркуе Валер Карбалевіч. І калі ў пытаннях размяшчэння расейскіх войскаў у Беларусі ў Лукашэнкі не было выбару пасля дапамогі Пуціна ў 2020 годзе ў здушэнні пратэстаў, то ўдзел беларускай арміі ў вайне ва Украіне цалкам залежыць ад кіраўніка Беларусі, лічыць палітолаг. Пры гэтым Карбалевіч канстатуе, што з 2020 года Лукашэнка здолеў значна ўмацаваць сваю ўладу пры дапамозе ўнутраных рэсурсаў, у першую чаргу дзякуючы сілавікам.

«Пуцін не зацікаўлены ў забойстве Лукашэнкі, бо гэта створыць шмат праблемаў для Крамля ў выпадку вакууму ўлады, бо ўсё ўпіраецца ў фігуру самога Лукашэнкі», – тлумачыць Карбалевіч.

Павел Усаў з ім не згодны. «Масква шмат у чым дзейнічае нерацыянальна, выходзячы з сітуатыўных рашэнняў, як гэта было з вайной. Вось яны былі ўпэўненыя ў тым, што за тры дні возьмуць Кіеў без нейкай глыбокай неабходнай аналітыкі, яны распалілі гэтую вайну жудасную ў ХХІ стагоддзі. Калі яны будуць упэўненыя, што час прыйшоў на Лукашэнку, і беларусы выйдуць на вуліцы пляскаць у далоні «Слава, што ўбралі Лукашэнку», калі яны будуць так у гэтым упэўнены, яны гэта зробяць» – кажа Павел Усаў.

«У Лукашэнкі ёсць шанец у нейкі крытычны момант, калі Расея моцна аслабне, адскочыць ад Масквы, адскочыць ад Пуціна, і зноў пачаць гуляць у суверэнітэт, у незалежную дзяржаву», – выказвае меркаванне Валер Карбалевіч.

У чым падабенства Лукашэнкі з Рамзанам Кадыравым і Башарам Асадам, а ягонага рэжыму – са становішчам Францыі пад нямецкай акупацыяй часу маршала Пэтэна? Чаму беларуская армія яшчэ не ваюе ва Украіне, а Беларусь не стала часткай Расеі? Хто захопіць уладу, калі раптам Лукашэнка знікне? Чаму забаранілі нацыянальныя сімвалы і памёр міністр замежных справаў Макей? Адказы на гэтыя ды іншыя пытанні шукайце ў новым выданні праграмы «Двубой» з Віталём Цыганковым.

Госці праграмы – палітолагі Валер Карбалевіч і Павел Усаў.

Праграму «Двубой» глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайну архіве на нашай старонцы або на YouTube