15-гадовы беларус дапамагае ўкраінскім дзецям


З-за палітычнага пераследу 15-гадовы Рыгор разам з маці вымушаны быў пакінуць Беларусь. Цяпер ён у Варшаве валанцёрыць на карысць украінскіх дзяцей. Але дапамога патрэбная і самому Рыгору.

Рыгор нават не паспеў скончыць восем класаў, калі ў кватэру ягонай сям’і прыйшлі міліцыянты і правялі ператрус. Праз пагрозу арышту ён з мамай пакінуў Беларусь і з’ехаў у Варшаву. Хлопец дапамагае збіраць сродкі дзецям, якія пацярпелі ва Украіне ад расейскай агрэсіі. А сам верыць, што здолее, як і тысячы іншых беларусаў, вярнуцца на радзіму, а на гэта неабходна «збіраць сілы, каб потым адным моцным ударам змяніць уладу».

Каб лепш адаптавацца на новым месцы, Рыгору патрэбная дапамога рэпетытара ў вывучэнні польскай мовы. Таксама ён жадае займацца 3D-мадэляваннем, дзеля чаго яму неабходны камп’ютар. Магчыма, хтосьці з вас, паважаныя гледачы праграмы «Беларус беларусу», зможа дапамагчы Рыгору.

Таксама ў праграме «Беларус беларусу» глядзіце гісторыю Генадзя, вымушанага пакінуць Беларусь. Ён здзіўляе сваім настроем, гумарам і частушкамі. Генадзь спадзяецца, што неабыякавыя беларусы дапамогуць яму ў стварэнні і прасоўванні каналу з сатырычным зместам – частушак і песень, якія ён піша.

Калі сярод вас ёсць тыя, хто хацеў бы падзяліцца сваімі гісторыямі альбо падтрымаць нашых герояў (гэта можна зрабіць як публічна, так і ананімна) – лістуйце нам: belarus2belarus@gmail.com

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрыманне і перамога.

Далучайцеся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.