Ці непазбежна ўступленне Беларусі ў вайну?


«Беларусь, фактычна, ужо з’яўляецца часткай Расеі і вайна – адзіны рэальны шанец для вызвалення радзімы», – лічыць Ян Рудзік. «Беларусь – гэта залежная ад Расеі краіна, але ступень яе залежнасці вызначаецца хутчэй тэрмінам «пратэктарат» ці «дзяржава-сатэліт». Рэжым Лукашэнкі будзе скарыстоўваць нават малыя магчымасці ўхіліцца ад наўпростага ўдзелу беларускага войску ў вайне», – мяркуе Андрэй Ягораў. Хто з іх мае рацыю? Глядзіце ў новым выданні праграмы «Двубой» з Віталём Цыганковым.

«Беларусь ужо ўдзельнічае ў вайне з 24 лютага 2022 года. Тэрыторыя, інфраструктура – усё выкарыстоўваецца для агрэсіі, – лічыць блогер Ян Рудзік.

Ёе выказваецца пра ўдзел беларускіх вайскоўцаў у лагістычным забеспячэнні расейскіх груповак ад самага пачатку вайны. Блогер разглядае верагоднасць будучага ўдзелу Узброеных сілаў Беларусі ў наступальнай аперацыі ва Украіне для ўдару па шляхах паставак узбраення з Захадам як непазбежную.

«Беларусь, відавочна, з’яўляецца суагрэсарам, але сам рэжым Лукашэнкі займае такую пазіцыю, што непасрэднае ўцягванне яго ў канфлікт – яно больш звужае магчымасці для манеўра і не дае магчымасці адысці. Зараз Лукашэнка спрабуе захаваць хаця б мінімальныя формы і магчымасці для манеўру, падтрымліваючы ілюзію сваёй незалежнасці, каб мець магчымасць скарыстаць гэтыя рэчы, калі раптам для Расеі ўсё будзе абарочвацца, відавочна, горш. І тут неўступленне непасрэдна ў вайну дае гэтыя магчымасці, – сцвярджае Андрэй Ягораў.

Па меркаванні палітолага, Лукашэнка нават можа пераключыцца на рыторыку дапамогі Украіне.

«Таму тое, што зараз робіць Лукашэнка я называю стратэгіяй «чэрлідэр» – гэта чалавек, які бегае вакол поля трасе пампонамі, грыміць металічнымі яйкамі, стварае шум у падтрымку аднаго з бакоў. Але ўся ягоная стратэгія заключаецца ў тым, каб не выходзіць непасрэдна ў поле канфлікту, не выходзіць на поле гульні. Такім чынам, ён спрабуе прайсці паміж кроплямі дажджу і выйсці з гэтага канфлікту з захаваннем сваёй улады», – лічыць Андрэй Ягораў.

Чаму беларускае войска цягам году так і не ўступіла ў вайну Расеі супраць Украіны? Ці мае шанцы Лукашэнка на расейскі прастол і пры чым тут Дугін? Чаму ў Беларусі да гэтага часу застаюцца амбасадары заходніх краінаў? Ці сапраўды магчымая параза Расеі і Пуціна не азначае аўтаматычнага падзення рэжыму Лукашэнкі, а Украіна ўвогуле можа яго ўратаваць? Што трэба рабіць беларускім дэмакратычным сілам ужо зараз для дэмабілізацыі беларускага войска? Адказы на гэтыя іншыя пытанні шукайце ў новым выданні праграмы «Двубой» з Віталём Цыганковым.

Госці новага выдання праграмы «Двубой» з Віталём Цыганковым:

Ян Рудзік, журналіст, блогер, былы рэдактар «NEXTA»;

Андрэй Ягораў, палітолаг.

Праграму «Двубой» глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайну архіве на нашай старонцы або на YouTube