«Адно жаданне – помсціць!» Акупанты заплацяць за гібель Эдуарда Лобава


Эдуард Лобаў служыў у 72-й асобнай механізаванай брыгадзе імя Чорных запарожцаў. Загінуў 26 студзеня 2023 года пад Вуглядарам, дзе была разбітая 52-я брыгада марской пяхоты РФ. Якім памятаюць Эдуарда Лобава ягоная маці і пабрацімы?

Эдуард – у мінулым сустаршыня «Маладога фронту», былы палітвязень. У 2011 годзе паводле палітычна матываванага прысуду зняволены на 4 гады калоніі. Наш герой з 2015 года ваяваў на баку Украіны супраць Расеі, якую лічыў агульным ворагам украінцаў і беларусаў.

26 студзеня 2023 года падраздзяленне Эдуарда загарадзіла дарогу пуцінскім жаўнерам з 52-ой брыгады марской пяхоты, якія рушылі ў атаку пры падтрыманні бранятэхнікі. У выніку заўзятага бою вораг быў адкінуты.

У сваім апошнім баі Эдуард дапамог не толькі спыніць варожую калону, але і выратаваў жыццё ўкраінскага ваяра з пазыўным Каёт. Распавядаючы пра Лобава, украінец падкрэслівае розніцу ў стаўленні да жаўнераў у ЗСУ і арміі РФ.

«У маскалёў калі сто чалавек загінула – там ніхто не ведае, як іх клічуць, – тлумачыць Каёт. – Гібель Эдуарда стала для мяне ударам, часовым, бо потым у мяне зʼявілася жаданне хутчэй акрыяць і ехаць помсціць. Як і за ўсіх іншых пабрацімаў, якіх губляў таксама. Адно жаданне – помсціць».

Каманда «Ваяроў» сабрала сведчанні людзей, якія бачылі апошні бой Эдуарда Лобава, наведала ў Варшаве імшу і цырымонію развітання з загінулым і пабывала з ягонаю маці, Марынаю Лобавай, на могілках Вайсковыя павонзкі, дзе ён пахаваны.

Рэпартаж
Беларуса Эдуарда Лобава, які загінуў у баях за Украіну, пахавалі ў Варшаве
2023.02.17 17:14

Праграму «Ваяры» глядзіце кожную нядзелю на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius4»), онлайн, у закладцы «Праграмы» на нашай старонцы або на канале YouTube.

Калаж з фота: Генеральний штаб ЗСУ / General Staff of the Armed Forces of Ukraine / Facebook