З чаго смяюцца прыхільнікі пераменаў, а з чаго – іхныя апаненты? Як памяняўся камічны стэндап пад уплывам палітычнага крызісу і якія новыя анекдоты ўвайшлі ў паўсядзённае жыццё беларусаў? Пра палітычны ды рэвалюцыйны гумар даведаемся ў праграме «Шчыра кажучы».
Пасля 16 жніўня, з пачаткам самых масавых пратэстаў у гісторыі Беларусі, народны гумар выліўся на шматлікія крэатыўныя плакаты. Сярод іх – мэмы з адсылкай да Гаагскага трыбуналу, супрацьпастаўленне Лукашэнкі і Ціханоўскай на полі мужнасці.
Намёкі на меркавана нізкі рэйтынг Лукашэнкі і ягоны доўгі тэрмін на пасадзе. Абыгрывалі тое, што ўлады адарваныя ад рэчаіснасці. Ставілі пад пытанне сумленнасць вынікаў выбараў і адэкватнасць Аляксандра Лукашэнкі. Агульны настрой, які выражаўся ў плакатах і мэмах праціўнікаў улады мінулым летам, – вера ў перамогу.
Праўладныя гумарысты высмейвалі тое, як пратэстоўцы і страйкоўцы прыйдуць прасіцца назад на працу. Палітолаг Уладзімір Падгол адзначае гумарыстычныя здольнасці Аляксандра Лукашэнкі.
«Самы галоўны гумарыст – гэта Лукашэнка. Тут пытанняў няма. Без маральных межаў. Ну, гумар жа бывае земскі, а бывае, вось як ён прыдумаў «пратэстуны», – прыніжальны. «Народзец», «пабег валюту абменьваць». Потым ён лічыў гумарам тэхналогію расчалавечвання. «Я да гэтых пеўняў у парламент не пайду! Сабраліся, як свінні вакол кармушкі (дэпутаты) і рохкаюць». Я лічу, што ў пратэсце ў Беларусі пераможа не вуліца, у Беларусі пераможа смехавая рэвалюцыя».
Палітолаг мяркуе, што адна з галоўных крыўдаў Лукашэнкі на Сяргея Ціханоўскага – у тым, што той скарыстаўся супраць Лукашэнкі яго ўласнымі тэхналогіямі гумару.
«Атаясамліванне Лукашэнкі з прусаком і вось гэты тапак, якім яго трэба біць – сімвал. Гэта прафесійна было зроблена Ціханоўскім. Што яшчэ. Ну, Маргарыта Ляўчук – гэта асобная гісторыя, гэта геніяльная жанчына, калі яна будзе развіваць свой талент», – дадае Уладзімір Падгол.
Оперная спявачка Маргарыта Ляўчук стварыла ў Літве гумарыстычны дуэт з блогерам Андрэем Павуком.
Таксама ў праграме «Шчыра кажучы»:
Калаж з фота: Mikhail Metzel/TASS/ Forum