Каліновец пра баі за Херсон, палонных расейцаў і загінулых пабрацімаў


Герой чарговага выдання «Ваяроў» – каліновец Аўгуст, актыўны ўдзельнік пратэстаў 2020 года ў Беларусі. Цяпер ён абараняе Украіну і адказвае за выведку ў палку Каліноўскага.

Аўгуст у 2020 годзе быў двойчы затрыманы ў Беларусі. Першы раз – за акцыі салідарнасці на 10 содняў, другі – падчас сутычак з міліцыяй у ноч з 10 на 11 жніўня:

«Мяне моцна збілі, і я трапіў у рэанімацыю. Там мне зашылі галаву. І зранку я прачнуўся і проста пайшоў з лякарні. То бок я папярэдзіў дактароў, сказаў: «Прабачце, я тут не магу заставацца, бо мяне арыштуюць». І выйшаў, пайшоў з больніцы ў хірургічным адзенні, такой сукенцы хірургічнай».

На чацвёрты дзень вайны ва Украіне Аўгуст прыехаў у Кіеў, каб далучыцца да беларускіх добраахвотнікаў. Дзеля гэтага яму на сваю рызыку прыйшлося прайсці ўвесь Кіеў і, каб не быць застрэленым на блокпастах, ён загарнуўся ва ўкраінскі сцяг. І гэта сапраўды дапамагло. Апошнія чатыры месяцы Аўгуст працаваў на херсонскім кірунку, некалькі разоў браў удзел у аперацыях штурму ў вёсках Херсонскай вобласці.

Полк Кастуся Каліноўскага ў разуменні Аўгуста – гэта сапраўдны рэзерв беларускай нацыі:

«Калі здарыцца так, што патрэбныя людзі, якія са зброяй у руках змогуць зрабіць штосьці для Беларусі, – яны ўжо ёсць. І яны нацыянальна арыентаваныя, што надзвычай важна, бо раней у Беларусі былі толькі вайскоўцы без нацыянальнай арыентацыі, папросту расейскія найміты, якім скажуць ісці, і яны пойдуць».

Аўгуст таксама распавёў, як ледзь не падарваўся на міне, узгадаў сваіх пабрацімаў – Брэста і Волата.

«Мы зробім усё, каб пасля вызвалення Украіны адбылося вызваленне Беларусі, і шмат хто ў ЗСУ гатовы нам з гэтым дапамагаць», – падсумоўвае «Аўгуст».

Пра працу выведкі палка Кастуся Каліноўскага, падрабязнасці баёў пад Херсонам, а таксама пра тое, як каліноўцы ўзялі ў палон акупантаў, глядзіце ў новым выданні праграмы «Ваяры».