«Наш сцяг залунае на ўсіх пляцоўках краіны»: ваяр ЗСУ, які служыў у палку Каліноўскага


Рыжы – пазыўны ваяра ЗСУ, які пачынаў службу ў палку Каліноўскага. Мы сустрэліся з ім, калі ён быў на ратацыі ў Кіеве. Разам мы пайшлі ў пасольства РБ, каб па дарозе даведацца ягоную гісторыю.

Рыжы быў актыўным удзельнікам пратэстаў 2020 года ў Беларусі, яго неаднаразова затрымлівалі. Рэжым распачаў супраць яго шэраг крымінальных справаў, адна з каторых датычыла «абразы ГУБАЗіКу». Беларус пакінуў радзіму.

З пачаткам поўнамаштабнай расейскай агрэсіі Рыжы пастанавіў далучыцца да беларускіх ваяроў – тады яшчэ батальёну Кастуся Каліноўскага. Трапіў у баявую роту да легендарнага Паўла Волата.

Рыжы ваяваў на поўдні, вызваляючы ад акупантаў Херсоншчыну, і на ўсходзе, стрымліваючы расейскія войскі, якія наступалі з Данбасу. Цяпер беларус не ў палку Каліноўскага, ён кулямётчык у іншым падраздзяленні ЗСУ.

Як кажа Рыжы, на вайну надумаў прыехаць без дакладных мэтаў. Яму проста хацелася дапамагчы краіне, якая ў свой час дапамагла яму, прытуліла пасля пратэстаў 2020 года ў Беларусі.

«Падчас выканання баявых задачаў пачуваюся добра, упэўнена, вельмі падабаецца. Асабліва вось гэты момант адрэналінавага куража, прыемнае пачуццё. Вельмі прыемна, што галава працуе, і працуе на ўсе дзвесце, калі не трыста адсоткаў», – прызнаецца Рыжы.

Ужо на вайне сфармаваўся пэўны светапогляд, наш герой перайшоў на беларускую мову і цяпер ягоная мэта – не проста ваяваць, а вызваліць Беларусь.

Праграму «Ваяры» глядзіце кожную нядзелю на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius4»), онлайн, у закладцы «Праграмы» на нашай старонцы або на канале YouTube.

Калаж з фота: Полк Каліноўскага / YouTube