«Усё складзецца найлепшым чынам. А як інакш?» Беларусы падтрымалі маці траіх дзяцей


Лідчанка Святлана мусіла пакінуць Беларусь праз палітычны пераслед. Апынуўшыся ў Польшчы з трыма дзецьмі, яна сутыкнулася са шматлікімі праблемамі, але беларускія арганізацыі і нашая праграма дапамаглі іх развязаць.

Святлана ладзіла роварныя прабегі салідарнасці ў Менску ў 2020 годзе, напярэдадні выбараў. Хутка пачаліся затрыманні. Схавацца ў Лідзе не атрымалася. Гэта зрабілася зразумела з размовы з настаўніцай, якая прыгразіла: «Мне ясна, хто вы такія. Сацыяльна небяспечны стан вам забяспечаны. Такія бацькі не павінны выхоўваць дзяцей!»

Беларус беларусу
Што рабіць, калі ты беларуска і эвакуявалася ў Варшаву
2022.01.28 17:00

Святлана забрала дзяцей і з’ехала ў Польшчу, уладкавалася на працу. Але ўсе перажыванні, псіхалагічная траўма ў дзяцей, на дадатак расстанне з мужам, моцна падзейнічалі на жанчыну. Нашай праграме ўдалося знайсці для яе псіхатэрапеўта.

«На той момант, канечне, мне дапамагала гэта трымацца на паверхні і не падаць зноў у псіхалагічна ўніз. Бо было вельмі цяжка. Былі моманты цяжкія псіхалагічна. І гэта было відавочна – бачылі ўсе, на жаль. Яна дапамагла мне», – распавядае Святлана.

Беларускі дом у Варшаве ўзяў на сабе аплату акуліста, набыў акуляры для дзяцей Святланы, а таксама аплаціў заняткі на фартэпіяна і курсы вакалу для дачкі.

«Бо ўсе тут ведаюць, колькі каштуюць [у Польшчы. – Заўв. belsat.eu] акуляры. Вельмі-вельмі-вельмі шмат. Зубы і акуляры – гэта зусім… Трэба браць крэдыты на гэта», – жартуе Святлана.

Арганізацыя беларускай дыяспары ў Нямеччыне «Verein MARA e.V.» сабрала святочныя падарункі для сям’і нашае гераіні.

«Усё ў нас складзецца найлепшым чынам. А як інакш?» – перакананая Святлана.

Калі вы хочаце падтрымаць Святлану або іншых нашых герояў – лістуйце да нас:

belarus2belarus@gmail.com

Гэта можна зрабіць з любога пункту свету. Публічна ці ананімна.

І памятайце: беларус беларусу – любоў, падтрымка і перамога. Дзе мы разам – там праўда!

Далучайцеся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.