Сілавікі здзекаваліся з цяжарнай жанчыны


На вачах у цяжарнай жанчыны сілавікі схапілі ейнага мужа. Пасля перажытага стрэсу і пагрозаў яна нарадзіла дачку Паліну на два месяцы раней за тэрмін. Дзяўчынка важыла ўсяго 1800 грамаў. Цяпер ёй патрэбная нашая дапамога.

Беларуска з мужам пасля выбараў 2020 года адстойвалі свае галасы, удзельнічалі ў шматтысячных акцыях пратэсту. Урэшце па мужа прыйшлі чацвёра сілавікоў у поўнай амуніцыі з аўтаматамі. Разам з імі былі і знаёмыя міліцыянты, якія добра ведалі іхную сям’ю.

«Нам сказалі дакладна: калі вы дзесьці трапіцеся, мы разнясем усю вашую кватэру, кватэру вашых блізкіх. Будуць праблемы ў вашых мамы, таты… – распавядае гераіня пра затрыманне мужа, якое адбывалася на вачах у сына. – Стрэс, я вельмі стрэсанула, калі забралі мужа. У мяне быў такі стан, што я проста хацела праваліцца. Я разумела, што я адна з чатырохгадовым дзіцем і цяжарная на восьмым месяцы, і мужа забіраюць паводле палітычнага артыкулу. І ўсе ведаюць, чым у нас гэта заканчваецца, – даўжэзнымі тэрмінамі».

Праз тры дні пасля стрэсу і моцных перажыванняў з-за няведання, што адбываецца з мужам, жанчына заўважыла, што дзіця перастала варушыцца. Прыйшлося тэрмінова праводзіць аперацыю. На свет з’явілася Паліна, якая важыла ўсяго 1800 грамаў: «Яна была як кацяня. Ніколі не бачыла неданошаных дзетак».

Сям’і гераіні давялося кінуць усё ў Беларусі і з двума дзеткамі з’ехаць з краіны. У свае адзінаццаць месяцаў Паліна не можа хадзіць – коўзаецца па падлозе толькі пры дапамозе адной ручкі, бо другая амаль не варушыцца. Дактары прычынаю такіх праблемаў у дзіцяці называюць перажыты Марыяй стрэс пасля мужавага арышту.

Паліне тэрмінова патрэбная рэабілітацыя, першы курс якой каштуе прынамсі 8000 злотых.

За што сям’я Паліны трапіла ў поле зроку сілавікоў? Як яны перажылі ператрус пасля бацькавага арышту? Чаму Паліна нарадзілася дачасна? Што сталася з дзяўчынкай пасля перажытага маці стрэсу і пагрозаў з боку сілавікоў?

Гісторыю беларускі і ейнай дачкі Паліны глядзіце ў новым выданні праграмы «Беларус беларусу».

Калі вы можаце дапамагчы нашым героям (публічна ці ананімна, з любога пункту свету), лістуйце: .

Далучайцеся да нашых суполак у Facebook ды Instagram.

Праграму «Беларус беларусу» глядзіце кожную пятніцу на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.