«Ядравы адказ Захаду будзе не па Крамлі, а па Беларусі»


Ядравая зброя ў Беларусі нічога стратэгічна не мяняе, а апазіцыя яшчэ ў 1996 годзе ведала пра будучую вайну, лічыць Сіўчык. Ядравая зброя зменіць сітуацыю ў рэгіёне, плануецца яе выкарыстанне па лагістыцы ЗСУ, лічыць Котаў. Хто з іх мае рацыю?

Ці памяняецца стратэгічная сітуацыя ў Беларусі і рэгіёне пасля размяшчэння расейскай ядравай зброі ў Беларусі? Гэта тэма новага выдання праграмы «Двубой» з Віталём Цыганковым.

Размяшчэнне расейскай ядравай зброі ў Беларусі нічога стратэгічна не мяняе, бо «Расея – гэта вайна!», лічыць Вячаслаў Сіўчык.

«Мы, беларуская апазіцыя, разумелі яшчэ ў 1996 годзе, што Масква рыхтуецца да вайны. Нядаўняя абвестка аб размяшчэнні расейскай ядравай тактычнай зброі ў Беларусі – гэта чарговы крок па ўжо пуцінскім плане пашырэння вялікай вайны», – заўважае палітык.

Але ці была выкарыстаная такая абачлівасць апазіцыі і што рабілася, каб да вайны справа не дайшла?

«Размяшчэнне ядравай зброі на тэрыторыі Беларусі – змена сітуацыі для Беларусі, Польшчы і Украіны. Гэта крок, які набліжае Беларусь да паўнавартаснага і разбуральнага ўцягвання ў вайну. І калі зараз яшчэ ёсць час, каб перадухіліць гэты крок, то трэба яго выкарыстаць. Пазбавіцца ад расейскага войска з ядравай зброяй будзе значна цяжэй», – тлумачыць Анатоль Котаў.

Палітолаг заклікае да неадкладнага яднання палітычных сілаў і правядзення адмысловай канферэнцыі, бо да пункту незвароту застаюцца лічаныя месяцы.

«Няма сэнсу перамяшчаць яе ў Беларусь, калі яе не выкарыстаць», – тлумачыць Котаў.

Ці сапраўды Беларусь стане буферам для ядравага абмену паміж Захадам і Расеяй? Як прыклад падрыву Кахоўскай ГЭС сведчыць, што ядравая зброя таксама будзе выкарыстана? Глядзіце новае выданне праграмы «Двубой».

Удзельнікі праграмы:

Вячаслаў Сіўчык, лідар руху салідарнасці «Разам»

Анатоль Котаў, палітолаг, былы супрацоўнік Адміністрацыі прэзідэнта Беларусі

Праграму «Двубой» глядзіце на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат News» або ў закладцы «Праграмы» на нашай старонцы.