Беларускі добраахвотнік падвёў вынікі 2023 года – і расплакаўся


Беларускі добраахвотнік на пазыўны Лахвіч сустрэў Новы год у Польшчы, куды давялося з’ехаць, каб зрабіць дакументы. Тут ён падвёў вынікі года і зразумеў, якую высокую цану заплацілі беларусы за набліжэнне вызвалення роднага краю.

Лахвіч служыць у батальёне «Літвін» палка Каліноўскага. Ён моцна чакае магчымасці вярнуцца ў сваё падраздзяленне і працягнуць змаганне супраць расейскіх захопнікаў. Ваяр мяркуе, што перамога Украіны наблізіць вызваленне Беларусі.

«Іван Марчук (Брэст) памёр, загінуў па-геройску, але справа ягоная жывая. Я вельмі ўдзячны такім людзям за досвед, за пазіцыю, мы проста не маем права на сённяшні дзень апусціць рукі, каб гэтыя ахвяры не былі дарэмныя», – лічыць Лахвіч.

Ваяр вядзе YouTube-канал «Лахвіч», ідэя каторага з’явілася пасля забойства Рамана Бандарэнкі. Там ён расказвае пра барацьбу за вольную Беларусь.

Наш герой не сумняваецца ў перамозе Украіны і марыць пра вызваленне роднай Беларусі.

«Вялікі дзякуй украінцам за тое, што яны ёсць. Асобны дзякуй за тое, што дазволілі стаць плячо ў плячо і абараняць Украіну, таму, безумоўна, перамога будзе за Украінаю», – перакананы Лахвіч.

Гэтае выданне атрымалася вельмі эмацыйнае. Ваяр апавёў пра самую страшную рэч, якую можа знайсці жаўнер. І пра самы прыемны падарунак, які можна атрымаць на перадавой. Пра свае мары і тугу па ўлюбёнай працы аніматарам. Пра тое, як дабрыня і пачуццё адказнасці дапамаглі ацалець падчас першага штурму, у якім ён браў удзел.

Праграму «Ваяры» глядзіце кожную нядзелю на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius4»), онлайн, у закладцы «Праграмы» на нашай старонцы або на канале YouTube.

Калаж з фота: Полк Каліноўскага / YouTube