Кныровіч: Развал Расеі будзе вельмі дорага каштаваць Беларусі


Вайна ва Украіне – віна Пуціна ці ўсяго расейскага народу, які нясе за яе калектыўную адказнасць? І што гэта ў выніку значыць для Беларусі і беларусаў? Глядзіце ў новым выданні праграмы «Двубой» дыскусію Аляксандра Кныровіча і Святланы Курс.

Эканаміст і бізнесовец Аляксандр Кныровіч заяўляе: беларусы і расейцы – у адным чоўне, «мы практычна аднолькавыя». А пісьменніца і лаўрэатка прэміі імя Гедройца Святлана Курс упэўненая, што ў цяперашняй імперыялістычнай вайне вінаватае ўсё расейскае грамадства.

«Гэта абсалютна нармальна, што ёсць калектыўная адказнасць, або калектыўная віна. Іх трэба адрозніваць адзін ад другога. І прымаць, таму што грамадства сталае, спелае, дарослае. Яно павінна ўсведамляць, што яно нарабіла. Калі яно гэтага не ўсведамляе, то перад ім адкрытая вялікая дарога бяды, няшчасця і гора. Я лічу, што расейцы, якія ўсяляк адпіхваюцца ад гэтай калектыўнай адказнасці, усведамлення сваёй гісторыі, будуць цярпець да таго самага моманту, пакуль не ўсвядомяць гэтай віны і адказнасці. І я безумоўна іх вінавачу. Але заўсёды ў розуме трэба трымаць тых, хто праведнік. Я заўсёды памятаю, што ёсць спадарыня Дабравольская, Наталля Эстэмірава, спадарыня Старавойтава і Ганна Паліткоўская, і Кара-Мурза, і Барыс Грабеншчыкоў. Я гэта памятаю, але калектыўная віна і калектыўная адказнасць ёсць, і радаснае валюханне ўсяго народу ў зле ў расейскім грамадстве таксама прысутнічае. Я не сляпая, я гэта бачу. Гэта маё крэда, але я не суддзя, канечне», – тлумачыць Святлана Курс.

Паводле Аляксандра Кныровіча, падабенства Беларусі да Расеі палягае ў тым, што ў нас супраць вайны таксама толькі «маўклівая большасць». Аднак ёсць адно істотнае адрозненне.

«У расейцаў ёсць нармальны вэймарскі сіндром імперыі, якая прайграла… У беларусаў, слава Богу, яго няма, мы іншая нацыя. Але ў беларусаў ёсць іншая праблема. Спытайце ў пераважнай большасці беларусаў, ці адчуваюць яны сваю адказнасць як грамадства за тое, што адбылося ў 1994 годзе, у 2000-м, у 2005 годзе, у 2020-м. Ці ёсць беларус, які адчувае адказнасць за тое, што адбываецца сёння ва Украіне? – запытваецца Аляксандр Кныровіч і дадае, што ⅔ беларусаў да сёння лічаць, што яны не бяруць удзелу ў вайне. – Тое, што з Гомля зайшлі войскі, заехалі танкі, была Буча (а Бучу зрабілі менавіта тыя войскі, якія заходзілі з тэрыторыі Беларусі), што з тэрыторыі Беларусі скіраваныя 720 ракетаў, дык гэта мы не бяром удзелу, гэта не нашае. Беларусь жыве, заплюшчыўшы вочы».

Святлана Курс не згаджаецца з Аляксандрам Кныровічам і мяркуе, што вядомае прыслоўе «мая хата з краю» – гэта адлюстраванне тактыкі выжывання 9-мільённага народу пад падвойнай акупацыяй – «русского мира» і рэжыму Лукашэнкі. Не трэба адмаўляць сваёй віны перад украінцамі, але трэба з разуменнем ставіцца да тых умоваў, у якіх жыве беларускі народ.

«Беларусь – гэта вялікі канцлагер. Так, адказнасць ёсць. Але фактычна мы павінны ўяўляць сабе, наколькі гэта страшна і наколькі безнадзейна – бунтавацца ў канцлагеры. На гэта здольны не кожны чалавек», – дадае Святлана Курс.

У чым адрознасць паміж беларусамі і расейцамі ў пытанні вайны? Чаму расейцы радуюцца выкарыстанню «Санцапёкаў» ва Украіне? Чаму нельга верыць сацыялагічным апытанням і ці гатовыя Беларусь і Расея да дэмакратыі? Што будзе ў Расеі, калі замест Пуціна прыйдзе Рамзан Кадыраў? Ці можна зламаць «расейскага чалавека» і які кошт развалу Расеі для Беларусі? Адказы на гэтыя і шмат якія іншыя пытанні шукайце ў новым выданні праграмы «Двубой».

Праграму «Двубой» глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайну архіве на нашай старонцы або на YouTube