Казімір Семяновіч. Таемнае знікненне заснавальніка ракетабудаўніцтва


Цыялкоўскі, Гагарын і Маск сталіся ягонымі наступнікамі. Казімір Семяновіч з Віцебшчыны першы прыдумаў трохступеневую ракету і напісаў найвядомейшую кнігу пра артылерыю. Шляхціч-літвін рыхтаваў і другую яе частку. Але таемна знік. Чаму і куды?

Дакладная дата нараджэння Казіміра Семяновіча невядомая, таму яе ўмоўна адносяць да 1600 года. Вядома, што ён паходзіў з Віцебшчыны, з дзяцінства цікавіўся артылерыяй.

«І напраўду, праз усё жыццё ён спецыяльна ездзіў на войны, каб бачыць там артылерыю. Ён прачытаў процьму кніжак, ён сам асабіста праводзіў шматлікія доследы, ён вывучаў навукі, звязаныя з артылерыяй: піратэхніку, скульптуру, гідраўліку, акустыку і, відавочна, людвісарства (навука пра адліў буйных рэчаў з каштоўных металаў)», – распавядае вядоўца праграмы «Вусы Скарыны» Цімох Акудовіч.

Сваймі пошукамі ў артылерыйскай справе Семяновіч найперш намагаўся дапамагчы радзіме – Вялікаму Княству Літоўскаму, якое сутыкнулася з неабходнасцю весці войны са сваім усходнім суседам – Маскоўскім царствам.

У 1650 годзе Казімір Семяновіч выдаў на латыні ў Амстэрдаме кнігу «Вялікае мастацтва артылерыі» («Artis Magnae Artilleriae pars prima»), якая на два стагоддзі зрабілася ў Еўропе падручнікам. У кнізе выкладаліся і рэвалюцыйныя для свайго часу ідэі, якія знайшлі ўвасабленне толькі ў ХХ стагоддзі. Найперш гэта раздзел, прысвечаны ракетам, у якім Семяновіч «напісаў пра трохступеневую рэактыўную ракету, якая можа ляцець, адкідваючы першыя ступені».

Пры рыхтаванні другой часткі працы пра артылерыю Казімір Семяновіч таемна знік. Чаму і куды?

Адказы шукайце ў новым выданні праграмы «Вусы Скарыны» з Цімохам Акудовічам.

Праграму «Вусы Скарыны» глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, у архіве на нашай старонцы або на канале YouTube.

Калаж з фота: Belsat; Wikimedia Commons