Лукашэнка працягне «дзікае паляванне» на беларусаў?


Для вызвалення арыштаваных Лукашэнкам беларусаў робіцца недастаткова. Так лічыць Яўгенія Доўгая. «Вызваленне палітвязняў – зараз, на жаль, цалкам залежыць ад еўрапейцаў і беларускіх уладаў», заяўляе Віталь Рымашэўскі. Хто з іх мае рацыю?

Тэма сённяшняга «Двубоя» з Віталём Цыганковым – «Ці ўсё робіцца дзеля вызвалення палітвязняў?»

Журналістка Яўгенія Доўгая лічыць, што ўжо маюцца паспяхова прыклады вызвалення палітзняволеных – Наталля Хершэ, Алег Груздзіловіч і «Прэс-клуб». Таму неабходна працягваць і кіравацца досведам украінцаў у іх абменах ваеннапалоннымі з расейскім бокам. Трэба ўлічваць тое, што за кратамі знаходзіцца шмат людзей, чый стан здароўя выклікае занепакоенасць, як тое Аляксандр Фядута і Эма Сцепулёнак.

Да таго ж, па словах Яўгеніі Доўгай, шмат палітзняволеных падпісалі хадатайніцтвы аб памілаванні, аднак рэжым Лукашэнкі адмовіўся ад гэтага кроку. Таму наспеў час для стварэння камітэту па перамовах з прадстаўнікоў родных палітзняволеных, пасярэдніцтва ў якіх мог бы аказаць «Хельсінскі камітэт». Віталь Рымашэўскі лічыць такую пазіцыю «наіўнай».

«Вызваленне палітвязняў – зараз, на жаль, цалкам залежыць ад еўрапейцаў і беларускіх уладаў. Чаго сапраўды не дастаткова робяць дэмакратычныя сілы – гэта падтрымка сем’яў палітвязняў, дапамога ў рэабілітацыі і рэлакацыі пацярпелых ад рэпрэсій», – лічыць Віталь Рымашэўскі.

Ці варта ісці на перамовы з Лукашэнкам ў пытанні палітзняволеных? Ці могуць быць плённымі такія крокі? І што дэмакратычным сілам варта рабіць ужо зараз? Адказы на гэтыя іншыя пытанні шукайце ў новым выданні праграмы «Двубой».

Госці праграмы:

Яўгенія Доўгая, журналістка, стваральніца праекта «Палітвязынка» пра палітзняволеных беларусак

Віталь Рымашэўскі, палітык, адзін з лідараў беларускіх хрысціянскіх дэмакратаў, сузаснавальнік Руха Беларускай Салідарнасці

Праграму «Двубой» глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайну архіве на нашай старонцы або на YouTube