У Лукашэнкі пачаліся праблемы з Зімбабвэ. «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою


Хто прэтэндуе на золата, якое здабываюць у Зімбабвэ людзі Лукашэнкі, чаму беларускія добраахвотнікі запрасілі да сябе Зянона Пазняка і чаму Украіна атрымае самалёты, хаця заходнія палітыкі гэтага пакуль не пацвярджаюць?

Сакрэтныя справы Лукашэнкі ў Эміратах і Зімбабвэ

Даўно ягонаму прылёту ніхто так не радаваўся. Дый сам ён даўно не выглядаў такім шчаслівым. Нарэшце прыніжальныя візіты да Пуціна змяніліся хай сабе і кароткімі, але вельмі прыемнымі вакацыямі ў цёплай Афрыцы. Лукашэнка наведаў Зімбабвэ.

А раней – Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. Калі ў арабскай краіне ўсё было звышсакрэтна, то ў Афрыцы ён напоўніцу баляваў разам са світай, малодшым сынам і ягонай маці, Ірынай Абельскай. Чаго там толькі ні было – пудзіла льва, трактары, звярынец, вадаспад Вікторыя. Тры дні посцілі фотаздымкі і відэа. Аднак за ўсім гэтым шумам і святам хаваюцца таемныя бізнес-інтарэсы рэжыму, грошы, а таксама праблемы. Вялікі таварыш Лукашэнкі прэтэндуе на золата, якое менскі самазванец лічыць сваім. Падрабязнасці ў сюжэце Надзеі Бельскай.

Прыезд Зянона Пазняка на фронт быў пазітыўным шокам. Інтэрв’ю з Паўлам Усавым

Зянон Пазняк і Павел Усаў прыехалі ў Бахмут схіліць галовы перад беларускімі байцамі з палка Каліноўскага. Як цяпер украінцы бачаць Беларусь і яе будучыню пасля вайны? Інтэрв’ю з Паўлам Усавым, палітолагам, прадстаўніком руху «Вольная Беларусь», які цяпер застаецца ва Украіне.

Украіна атрымае заходнія баявыя самалёты

Вялікая інтрыга з пастаўкамі баявых самалётаў Украіне. Заходнія партнёры рыхтуюць пастаўкі цяжкіх танкаў, а каб іх прыкрыць з паветра, патрэбныя самалёты. Прадстаўнік прэзідэнта Украіны Андрэй Ермак апярэдзіў падзеі заяваю, што партнёры гатовыя перадаваць знішчальнікі. У заходніх сталіцах – здзіўленне. Большасць лідараў гэтай заявы цураюцца, прынамсі, пакуль. Не будзе, маўляў F-16 для Кіева, няма пра гэта гутаркі, адзін за адным кажуць Вашынгтон, Варшава і Берлін. А вось Парыж не супраць перадаць свае самалёты. Як гэта разумець, што трэба прачытаць паміж радкоў афіцыйных заяваў? Як перадача самалётаў для Украіны можа змяніць хаду вайны, а галоўнае – калі гэта адбудзецца? Адказы ў сюжэце Вольгі Міцкевіч. Каментуюць Алег Жданаў і Юльюш Сабак.

Ці дапамогуць Паўднёвая Карэя і Японія Украіне?

Ці дапамогуць Рэспубліка Карэя і Японія Украіне перамагчы Расею? NATO і ЗША ўмацоўваюць сувязі са сваімі азіяцкімі саюзнікамі. Мэта – больш рашучая пазіцыя буйных суседзяў Расеі адносна яе антыўкраінскай агрэсіі. Адзін за адным Паўднёвую Карэю наведалі генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг і міністр абароны ЗША Лойд Остын. Стольтэнбэрг адправіўся таксама ў Японію, а амерыканскі палітык – на Філіпіны. Ці даб’юцца Паўночнаатлантычны альянс і ЗША большай дапамогі для Украіны і ці аслабіць Пуціна іхная дыпламатыя ў азіяцкім кірунку – падрабязнасці ў нашым сюжэце.

«Украінцы і беларусы – гэта практычна адзін і той жа народ». Рэпартаж пра загінулага добраахвотніка Эдуарда Лобава

Эдуард Лобаў, беларускі жаўнер ЗСУ, загінуў за Украіну. Антось Цялежнікаў зняў пра яго кароткі рэпартаж у 2015 годзе, калі хлопец прыехаў абараняць Украіну ад расейскай агрэсіі. Эдуард, нядаўні палітычны вязень рэжыму Лукашэнкі, выбраў шлях добраахвотнай збройнай барацьбы. На старым відэа – хлопец у брытанскай вайсковай уніформе з нашыўкаю «Маладога фронту». Страляць з кулямёта пад Марыупалем яго вучыць іншы вядомы беларускі абаронца Украіны – Аляксей Скобля, пазыўны Тур. Эдуард сказаў тады:

«Украінцы і беларусы – гэта практычна адзін і той жа народ. З падобнай гісторыяй. Адныя і тыя ж праблемы, што ў Беларусі, што ва Украіны. Адзін і той жа вораг».

Ён загінуў на Данбасе, пад Вуглядарам 26 студзеня. Аляксей Скобля – 13 сакавіка, абараняючы Кіеў ад расейскага наступу з боку Беларусі. Вашай увазе кароткі рэпартаж пра іх, зняты ў 2015 годзе.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою глядзіце шточацвер а 21:30. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілю на Facebook ! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.