У Кіеве пад гукі сірэнаў паветранай трывогі адбылася заканспіраваная канферэнцыя «Шлях да волі». У гарачых дыскусіях, спрэчках, дзе эмоцыі часам зашкальвалі, бралі ўдзел беларускія добраахвотнікі, прадстаўнікі Офісу Святланы Ціханоўскай, Аб’яднанага пераходнага кабінету, Каардынацыйнай рады, нацыянальна-вызвольнага руху «Вольная Беларусь», дзясяткаў іншых арганізацыяў. А таксама беларускія і ўкраінскія журналісты, блогеры, актывісты. Ці ўдалося дамовіцца? Вынікі падсумоўвае Сяргей Пеляса, які прысутнічаў на канферэнцыі ў Кіеве.
Як беларускім добраахвотнікам з палка Каліноўскага ўдалося сабраць беларускіх палітыкаў, якія між сабой амаль не размаўляюць – Святлану Ціханоўскую, Зянона Пазняка ды шмат іншых? Як стратэгію вызвалення бачаць уласна каліноўцы? Вынікі канферэнцыі «Шлях да волі» – у інтэрв’ю Сяргея Пелясы з Вадзімам Кабанчуком, намеснікам камандзіра палка Каліноўскага, адным з арганізатараў форуму ў Кіеве.
Супраца Беларусі і Венесуэлы – гэтага словазлучэння не было чуваць гадоў дзесяць дакладна. Бо і тут Лукашэнка здолеў пасварыцца. От жа бывае – не знайшлі агульнай мовы дзве дыктатуры. Цяпер сітуацыя зноў мяняецца. Абодва рэжымы ў асобах Мадура і Лукашэнкі, прыдушаныя санкцыямі і міжнароднай ізаляцыяй, надумалі аднавіць стасункі. Для пачатку ў Менск з Каракасу даслалі ганца ў выглядзе віцэ-прэзідэнта Рыкарда Мэнэндэса. Нават намацалі агульныя кнопкі аднаўлення стасункаў. Але ці ўдасца з гэтага што ўцямнае? Сюжэт Надзеі Бельскай.
У Бруселі прайшла сустрэча міністраў замежных справаў краінаў Альянсу. Адною з галоўных тэмаў для абмеркавання засталося нястомнае падтрыманне Украіны, але і гібрыдная атака Расеі на мяжы з Фінляндыяй на ўзор Лукашэнкі выклікала шмат рэакцыяў. Якімі словамі ў Бруселі згадваюць рэжым у Менску і як Украіна зрабілася бліжэйшаю да NATO – у нашым сюжэце.
Стасункі паміж прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім і галоўнакамандуючым ЗСУ Валерыем Залужным нельга ахарактарызаваць інакш як жахлівыя. Пра гэта піша выданне «The Economist». Паводле высокапастаўленай крыніцы ва ўкраінскім урадзе, адкрыты канфлікт у кіраўніцтве краіны быў прадказальным вынікам зацягнутай контрнаступальнай аперацыі, якая не пайшла згодна з планам. Але ці не ёсць гэтак званы канфлікт часткаю гібрыднай спецаперацыі Расеі? Разбіралася Вольга Міцкевіч.
Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою глядзіце шточацвер а 21:30. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілю на Facebook ! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн,на YouTube-канале і на нашай старонцы.