«Беларускія ваяры – суперхлопцы!» Грузінскія добраахвотнікі – пра вайну ва Украіне


Грузінскія добраахвотнікі распавялі, чаму яны ганарацца тым, як баранілі Кіеў разам з беларусамі ў першыя дні расейскага поўнамаштабнага ўварвання і чаму жадаюць развалу Расеі.

Рамэа – ветэран вайны ў Абхазіі 1992–1993 гадоў. Для Інгіра гэта першая вайна, але ён служыў у грузінскім войску ў 2010–2012 гадах.

У бітве за Кіеў грузіны трымалі абарону ў Ірпіні разам з беларускімі добраахвотнікамі. У выніку цяжкіх баёў, якія нашыя героі згадваюць як сапраўднае пекла, агульнымі намаганнямі ўдалося супыніць захопнікаў і прымусіць іх адступіць.

Новае выданне «Ваяроў» здымалася ў Грузіі, куды нашыя героі прыехалі на ратацыю. Натуральна, акрамя адпачынку і сустрэчаў з блізкімі, Рамэа і Інгір маюць яшчэ адно заданне – звязанае з Днём маці.

Інгір і Рамэа шчыра падзяліліся сваймі гісторыямі, а таксама паказалі фота і відэа, знятыя там, куды не дабрацца ніводнаму журналісту.

Нашыя героі нагадалі, колькі разоў на іхнай памяці Расея ваявала з Грузіяй. Яны патлумачылі, чаму лічаць Расею тэрарыстычнаю дзяржаваю, якая не мае існаваць у ХХІ стагоддзі. Мы распыталі грузінскіх добраахвотнікаў пра супрацу з беларусамі, а таксама знайшлі запіс, дзе каліноўцы распавядаюць пра грузінскіх пабрацімаў. А як успрынялі бацькі Інгіра пастанову сына паехаць на вайну? Як Інгір падтрымлівае сувязь з дачкою?

Адно з папярэдніх выданняў нашае праграмы прысвечанае навастворанаму Другому інтэрнацыянальнаму легіёну, дзе разам служаць добраахвотнікі ў тым ліку і з Беларусі, і Грузіі.

Праграму «Ваяры» глядзіце кожную нядзелю на тэлеканале «Белсат» праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва – «Sirius4»), онлайн, у закладцы «Праграмы» на нашай старонцы або на канале YouTube.