Уладзімір Мацкевіч: Пуцін згвалціў расейскае грамадства


Парадокс, але фактычнае развязанне вайны на ўсходзе Украіны і анексія Крыму толькі дадалі папулярнасці існаму кіраўніку Крамля. 15-годдзе першага абрання Пуцін сустрэў з рэкордным электаральным рэйтынгам і паказнікамі даверу ды ўхвалення ягонай дзейнасці.

Філосаф Уладзімір Мацкевіч лічыць, што рэйтынг і падтрыманне Пуціна ў Расеі створаныя цалкам штучна.

«Калі ж гаворым, што штучна, – гэта не значыць недарэчна ці ненатуральна, бо трэба паглыбіцца ў гісторыю, калі Пуціна выцягнулі з такога стану, калі яго ніхто не ведаў, калі ён быў цалкам нязначнай фігурай. Выцягнуўшы гэтую фігуру, расейскія спецслужбы і эліты, кіраваліся вельмі глыбокімі даследаваннямі стану расейскага грамадства. На момант міленіуму, змены тысячагоддзяў, расейскае грамадства было стомленае ад безыдэйнасці. Разам з Пуціным эліты расейскія прапанавалі насельніцтву місію і ідэю», – падкрэсліў адмысловец.

Пільных даследнікаў, якія разумелі, што адбываецца ў Расеі, непакоіў прыход Пуціна ва ўладу, бо было зразумела, што Пуцінская місія пазначалася як аднаўленне імперыі. Аднак не ўсе, як на Захадзе, так і сярод расейскай інтэлігенцыі, заўважылі гэтую акалічнасць.

«Пуціну далі час, калі ён вырасціў сваю місію цэлым шэрагам дзеянняў. Ён фактычна згвалціў расейскае грамадства, калі можна казаць у Расеі пра грамадства, бо грамадзянскай супольнасці назіраецца там яшчэ меней, чым у Беларусі. Гэтак, з аднаго боку адпавядаючы настроям насельніцтва, з другога, – прапануючы ўтапічную і вельмі архаічную ідэю аднаўлення магутнасці імперыі, геапалітычнага гіганта, Пуцін здолеў знайсці падтрыманне і разуменне калі не абсалютнай большасці, то вельмі вялікай часткі расейскага грамадства», – заўважыў філосаф.

У гэтым жа заключаецца небяспека не толькі для развіцця Расеі, але і для ўсяго свету, падсумаваў спадар Мацкевіч.

МЯ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары