Адвод танкаў і лёгкай артылерыі – гэта адна з умоваў пагаднення, дасягнутага з прарасейскімі сепаратыстамі у Менску на мінулым тыдні ў межах перамоваў кантактнай групы. Украіна пачала вывад танкаў і лёгкай артылерыі калібрам да 100 мм ад лініі фронту ва ўсходнім рэгіёне Луганскай вобласці.
Агулам у зоне канфлікту задзейнічана 360 танкаў і 1400 бронетранспарцёраў з украінскага боку.
Кіраўнікі «ДНР» і «ЛНР» заявілі, што адвод узбраення можа азначаць «канец вайны» з украінскім урадам.
«Пыл і цяжка ехаць, самыя бачыце. Але мы збіраемся дадому, так лягчэй, усё ў парадку», – кажа адзін з ўкраінскіх вайскоўцаў, што ўдзельнічае ў АТА.
«Мы ішлі да гэтага вельмі доўга. Мы дачакаліся. Спадзяюся, гэтая вайна скончыцца, грамадзяне больш не будуць пакутаваць», – падзяліўся думкамі іншы жаўнер.
Адвод узбраення быў узгоднены з прадстаўнікамі АБСЕ і павінен завершыцца цягам 14 дзён.
Ад сярэдзіны красавіка 2014 года ў вайне паміж украінскімі ўрадавымі сіламі і прарасейскімі сепаратыстамі загінулі больш за 8 тысяч асобаў.
ДР, belsat.eu