Ці могуць штрафы за абразу мовы дапамагчы ў яе папулярызацыі?


Францыск Скарына

Тры выпадкі пакарання грамадзянаў па артыкуле адміністрацыйнага кодэксу за абразу мовы вядомыя ў Беларусі на гэты час. Першы пакараны па гэтым артыкуле Дзмітрый Шчарбатых з Мазыра лічыць, што штраф ніяк не паўплываў на яго стаўленне да беларускай мовы і да тых, хто на ёй размаўляе. Хутчэй, наадварот. Але практыка набывае моцы і атрымала розгалас.

Артыкул 9.22 з’явіўся ў 1999 годзе, але 17 гадоў яго ніяк не выкарыстоўвалі. Прэцэдэнт адбыўся летась, калі Дзмітрый Шчарбатых атрымаў штраф за абуральныя выказванні ў сацыяльнай сетцы пра беларускамоўную рэкламу футбольнага клубу «Славія».

Дзмітрый Шчарбатых стаў першым у Беларусі пакараным за абразу беларускай мовы. А пасля яго і за адзін апошні год – ужо тры асобы атрымалі па ім штрафы, 4-я справа разглядаецца на гэты час.

«Канкрэтна па таму выпадку, за які мне далі штраф, я лічу, што там не было нават намёку на абразу. Разам з тым, я сапраўды дапускаў некарэктныя выказванні ў бок людзей, якія карыстаюцца беларускай мовай, і за гэта мне сорамна», – распавядае Дзмітрый Шчарбатых.

На сваёй старонцы Дзмітрый Шчарбатых прапануе спосаб, як адрозніць беларуса ад расейца.

На сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Вконтакте» ён называе сябе «абеларусіўшымся рускім», а Беларусь называе Белоруссией. Разам з тым, ён адзіны з трох пакараных які ветліва адгукнуўся на журналістскі запыт і разгорнута патлумачыў сваю пазіцыю.

«Я проста апынуўся ў патрэбны час у патрэбным месцы (для скаржніка), а потым проста пусціў усё на самацёк, што ў выніку вылілася ў катастрофу нацыянальнага маштабу ў выглядзе прэцэдэнту. І я цяпер адчуваю адказнасць за тое, што былі наступныя пакаранні па артыкуле 9.22, у тым ліку, адказнасць за здзек над тым хлопцам-інвалідам», – кажа ён.

«Хлопец-інвалід», пра якога згадвае Дзмітрый, – гэта непаўнагадовы салігарчанін Ілья Клішэвіч, які таксама дазволіў сабе публічна выказацца не на карысць беларускай мовы і назваў яе мёртвай. Ілья Клішэвіч не інвалід, але быццам хворы на анкалогію. Гэтаму факту таксама пакуль няма афіцыйнага пацверджання, але справа набыла розгаласу ў сацыяльных сетках і заяўніка, Ігара Случака, вінавацяць у залішняй прынцыповасці і жорсткасці.


Допіс са старонкі Facebook Ігара Случака

Пасля таго, як Ігар Случак атрымаў ліст нібыта ад маці Іллі, ён даслаў дадатак да сваёй скаргі ў Салігорскі райвыканкам. У ім заяўнік папрасіў спраўдзіць інфармацыю і ў выпадку, калі Ілья Клішэвіч насамрэч мае праблемы са здароўем, вынесці яму ў якасці пакарання папярэджанне, а не штраф.

«Але грамадзянін у любым выпадку павінен панесці пакаранне, нават у выглядзе папярэджання. Хвароба і непаўнагадовы ўзрост – гэта не апраўданне выказванням, што абражаюць пачуцці беларускамоўных грамадзянаў, абражаюць беларускую мову і абражаюць Беларусь. Да таго ж, гэта будзе прыкладам для астатніх непаўнагадовых, што лічаць, што на абразах беларускай мовы і каштоўнасцей можна зарабляць лайкі ў сацыяльных сетках», – кажа Ігар Случак.

Ігар Случак, юрыст і аўтар ідэі кампаніі «Справаводства па-беларуску» выступаў скаржнікам і па першых трох справах. Такі спосаб абароны беларускай мовы ён вырашыў выпрабаваць у межах напісання сваёй дыпломнай работы.

Ці можа шырокае выкарыстанне артыкулу 9.22 змусіць больш шанаваць беларускую мову?

«На маю думку, такія разбіральніцтвы ніякім чынам не спрыяюць папулярызацыі беларускай мовы. Хутчэй, наадварот, дэманізуюць яе», – кажа Дзмітрый Шчарбатых з Мазыра.

Ігар Случак лічыць, што галоўная мэта выкарыстання гэтага артыкула не палягае ў тым, каб змусіць грамадзянаў палюбіць беларускую мову ці пачаць размаўляць на ёй, але навучыць трымаць сваё негатыўнае стаўленне моўчкі і публічна не абражаць іншых.

«Задача гэтых разбіральніцтваў – зменшыць колькасць абраз любых нацыянальных або дзяржаўных моў Беларусі. Калі табе не падабаецца беларуская мова – ніхто не прымушае цябе размаўляць на ёй, але, калі ласка, трымай сваё меркаванне пры сабе», – кажа Ігар Случак.

Іншы пакараны за абразу беларускай мовы Васілій Варушчанка, на пытанне belsat.eu, ці не змяніў ён сваё стаўленне да беларускай мовы і ці не хацеў бы навучыцца размаўляць на ёй, проста рассмяяўся.

З дыялогу з Васілём Варушчанкам

Яўгенія Чатвяртная з Рэчыцы, якая назвала беларускую мову «непрыемнай на слых» і была аштрафаваная ў студзені 2017 году, не адгукнулася.

Яшчэ адна справа па моўным пытанні зараз знаходзіцца на этапе разглядання. Яе распачаў Анатоль Новікаў, ізноў жа, пры падтрымцы Ігара Случака. Анатоль звярнуўся да працаўніцы на касе ў рэстаране «Бургеркінг» на беларускай мове, а яна не зразумела яго. На запіс у кнізе скаргаў ён атрымаў адказ па-расейску, што парушае закон аб зваротах грамадзянаў.

Але тут таксама мае адбыцца новы прэцэдэнт. Бо закон прадугледжвае, што адказ на зварот павінен складацца на мове звароту, але не прадугледжвае ніякай адказнасці, калі гэта не выконваецца. З гэтай прычыны скарга на рэстаран «Бургеркінг» была пададзеная таксама па артыкуле 9.22 за абразу дзяржаўнай мовы. Такім чынам, калі скарга будзе задаволеная, абаронцы беларускай мовы атрымаюць новы інструмент уплыву і грамадскага дзеяння.

Вераніка Ўладзімірава, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары