Ці будзем менш плаціць за «камуналку»?


Моцна пацяжэлыя «жыроўкі» называлі і скандалам, і тэхнічнаю памылкай, і нават гэтак:

«Ад балды! Значыць, тут павінен быць спіс, хто гэту балду прыдумаў», – абурана вымавіў новы крылаты выраз Аляксандр Лукашэнка.

Хто ж гэтую балду прыдумаў – дасюль не агучылі. Але стала вядома пра вызваленне з пасады намесніка міністра ЖКГ Анатоля Шагуна. Высокага чыноўніка звольнілі ў сувязі з «здзяйсненнем учынку, не сумяшчальным са знаходжаннем на дзяржаўнай службе». Што менавіта зрабіў Шагун, і ці звязана гэта з павышэннем тарыфаў ЖКГ – не тлумачаць.

«Знайшлі ахвярнага казла для таго, каб паказаць нашаму кіраўніцтву дзейнасць кантрольных органаў або сілавых структураў. Звольнілі з цалкам незразумелай пазіцыяй», – мяркуе Рыгор Кастусёў, былы дырэктар Шклоўскага абʼяднання ЖКГ.

І невядома, што, уласна, з пакараннем. Аляксандр Лукашэнка ў лютым загадаў кіраўніку Дзяржкантролю надзець кайданкі – цытата – «дзясятку-другому» вінаватых у павышэнні тарыфаў. Тады гэта зразумелі даслоўна: дэпартамент фінансавага расследавання Камітэту дзяржаўнага кантролю распачаў 13 крымінальных справаў у дачыненні пасадоўцаў ЖКГ.

Пад канец лютага, паводле дзяржаўных медыяў, крымінальных справаў было ажно 22. А ў траўні Следчы камітэт рапартаваў пра заканчэнне расследавання ў дачыненні шасці высокіх ураднікаў. Сярод іх быў і намеснік міністра ЖКГ. Ягонага імя не назвалі, але абвінавацілі.

«Арганізаваў складанне і падпісанне заведама фальшывых дакументаў аб выкананні дзяржпраграмы. Гэта дазволіла схаваць факты невыканання працаў і неабходнасць вяртання грашовых сродкаў, выкарыстаных з парушэннем заканадаўства», – рапартаваў Следчы камітэт.

Калі ж вінаватых знайшлі, а тарыфы пералічылі, то ці палепшылася нешта ў ЖКГ? Апытаныя намі менчукі не задаволеныя ані коштамі, ані якасцю паслугаў.

«Як было, гэтак і засталося. Напрыклад, выклікаеш таго ж сантэхніка – ён кажа, што нічога не можа зрабіць», – кажа жанчына.

«Кошты на ЖКГ высокія. І растуць, на жаль. Людзі вельмі незадаволеныя», – абураецца жыхарка Менску.

Былы кандыдат на прэзідэнта і адмысловец у сферы ЖКГ Рыгор Кастусёў кажа, што крымінальныя справы можна заводзіць у любым раёне ды любой вобласці, але наўрад ці ўлады хочуць псаваць уражанне.

«Тым больш напярэдадні Ўсебеларускага народнага сходу. Перад гэтым сходам сказаць, што ў міністэрства або іншых установах жыллёва-камунальнай гаспадарцы выяўленыя карупцыйныя складнікі – гэта трошкі падмачыць рэпутацыю беларускіх уладаў», – упэўнены Рыгор Кастусёў.

Сёння ж зʼявілася новая праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця. Паводле яе павышэнне тарыфаў на камунальныя паслугі будзе адбывацца з улікам росту заробкаў і паніжэннем выдаткаў на аказанне паслугаў.

Ганна Любакова, «Белсат», фота – sputnik.by

Стужка навінаў