Толькі ўзяўся за басейны, як лядовыя палацы зніклі

video

Недабудаваныя лядовыя палацы дабудоўваць не будуць. Ужо цяпер некаторыя з іх з-за непатрэбнасці ператварыліся ў даўгабуды ды нават прадаюцца з малатка. Але нягледзячы на гэта новыя спартовыя аб’екты ў тым ліку і басейны павінны стварацца. Мала таго, кіраўнік краіны ўжо аддаў загад на іх поўную загрузку. Але ці проста выканаць гэты загад? Шматлікія раней пабудаваныя лядовыя арэны аніяк не могуць сябе акупіць адпаведна становяцца стратнымі, растуць пазыкі. 

Будавалі, будавалі ды… не дабудавалі. У Светлагорску на ўзвядзенне лядовага палацу скончыліся грошы. А таму мясцовы райвыканкам выставіў пляцоўку пад будаўніцтва спартовага аб’екту на продаж за 13 мільярдаў рублёў.

«Лепш бы патрацілі на парк культуры і адпачынку, якога няма ў Светлагорску. На гэтыя грошы можна б было такі «Дыснэй-лэнд» пабудаваць! І людзі былі б рады, і ўсім было б файна. Ездзілі б не мы ў Жлобін, а Жлобін да нас бы ездзіў» – кажа Сяргей Дайнэка, актывіст партыі «Справядлівы свет».

Але такі прыклад – не адзіны. Будаўніцтва чарговага лядовага палацу, ізноў жа ж праз адсутнасць грошай, прыпынілі ў Шклове. Але нават пабудаваныя арэны, якіх сёння ў Беларусі налічваецца больш за тры дзясяткі, не ў стане акупіць сябе і пакрыць усе выдаткі: штогод утрыманне аднаго лядовага палацу абыходзіцца паўтара мільёны еўраў. У выніку дзяржава сама стала закладнікам сваіх жа новазбудаваных арэнаў.

«Уся інфраструктура – яна вельмі дорага каштуе. Тая самая энергія, камунальныя паслугі. Таму з самага пачатку, калі будавалі лядовыя палацы, напэўна, было зразумела, але ўлада не задумвалася, што будзе з імі далей, як іх утрымліваць. То бок была задача – пабудаваць, а што будзе далей – ніхто не падумаў» – дадае журналіст Руслан Гарбачоў

У выніку арэны зарабляюць грошы, як могуць, – праводзяць канцэрты, вяселлі, адчыняюць кавярні ды трэнажорныя залы. Але гэта не ўратоўвае. Дайшло да таго, што аб немэтазгоднасці будаўніцтва лядовых палацаў пачаў выказвацца яго ранейшы ініцыятар.

А ўжо сёння, наведваючы новы фізкультурна-аздараўляльны комплекс «Мандарын», Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў будаваць новыя спартовыя аб’екты і басейны. Што праўда, больш сціплыя.

«Так, рэспубліканскага ўзроўню, мясцовага ўзроўню, дзе мы рыхтуем прафесійных спартоўцаў, дзе на прыстойным узроўні іх трэба рыхтаваць, мусяць быць такія палацы. У нас іх дастаткова. Больш такой дарагавізны быць не павінна. Нам патрэбныя звычайныя».

Апроч будаўніцтва даступных і танных басейнаў ды спартовых комплексаў, Лукашэнка загадаў наладзіць вытворчасць айчынных трэнажораў.

«Прычына, мне здаецца, навідавоку. Грошай у бюджэце няма. Вялікія сродкі ідуць на падтрыманне гэтых некалькіх дзясяткаў лядовых палацаў. А пабудаваць новыя, якія будуць пастаянна патрабаваць нейкіх уліванняў, – гэта будзе відавочна не магчыма» – тлумачыць журналіст Руслан Гарбачоў.

А пакуль у Беларусі будуць з’яўляцца новыя звычайныя спарткомплексы і басейны, замарожаныя палацы, на думку Руслана Гарбачова, у найбліжэйшай будучыні гэтак і застануцца замарожаныя.

Віталь Бабін, « Белсат»

Глядзі таксама
Каментары