Следчых, якія вядуць «справу БелТА», Лукашэнка ўзнагародзіў медалём


Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў медалём «За адзнаку ў ахове грамадскага парадку» палкоўніка юстыцыі Аляксандра Сямёніка і ягонага калегу падпалкоўніка юстыцыі Ігара Макушэнку. Адпаведны указ апублікаваны на president.gov.by.

Скрыншот з president.gov.by

Сямёнік і Макушэнка працуюць ва ўпраўленні па расследаванні злачынстваў супраць інфармацыйнай бяспекі Следчага камітэту. Абодва займаліся «справаю БелТА». Сямёнік узначальвае следчую групу па гэтай справе, а Макушэнка браў удзел у допытах падазраваных, піша TUT.BY.

Медалём за «За адзнаку ў ахове грамадскага парадку» узнагароджваюць у наступных выпадках (паводле, president.gov.by):

  • за асабістую мужнасць, адвагу і самаадданасць падчас затрымання злачынцаў або ліквідацыі злачынных групаў, аховы жыцця і здароўя людзей;
  • за ўмелыя, iнiцыятыўныя і смелыя дзеянні, якія паспрыялі паспяховаму выкананню падраздзяленнем, нарадам аператыўна-службовых i службова-баявых задач па спыненню злачынных і іншых супрацьзаконных дзеянняў;
  • за ўмела арганізаваныя і дасканалыя дзеянні па перадухіленню і раскрыццю злачынстваў;
  • за ўмелую арганізацыю працы і высокую рэзультатыўнасць дзейнасці органаў і падраздзяленняў унутраных справаў, злучэнняў, частак і падраздзяленняў унутраных войскаў па ахове грамадскага парадку і барацьбе са злачыннасцю;
  • за актыўны ўдзел і дапамогу органам унутраных справаў і падраздзяленням унутраных войскаў у ахове грамадскага парадку, барацьбе са злачыннасцю і іншымі правапарушэннямі.
Медаль «За адзнаку ў ахове грамадскага парадку». Калаж TUT.BY

Нагадаем, што 7 і 8 жніўня ў офісах TUT.BY, БелаПАН адбыліся ператрусы і затрыманні. Следчы камітэт расследуе крымінальную справу аб незаконным доступе да платнага кантэнту дзяржаўнага агенцтва «БелТА» (арт. 349).

ЮВ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары