Сцяг Беларусі лунаў на адкрыцці Сусветных гульняў качэўнікаў


На іпадроме гораду Чалпон-Ата ў Кыргызстане адбылося афіцыйнае адкрыццё І Сусветных гульняў качэўнікаў. На спаборніцтвы выправіліся і прадстаўнікі Беларусі.

Цырымонія адкрыцця імпрэзы пачалася з урачыстага канцэрта, пасля якога вядоўцы запрасілі на сцэну прадстаўнікоў краінаў-удзельніцаў.
На першых у гісторыі Сусветных гульнях качэўнікаў выступяць больш за 350 спартоўцаў з 18 краінаў свету, сярод якіх Афганістан, Манголія, Нямеччына, Пакістан, Расея і інш. Сваю зборную адправіла на спаборніцтвы і Беларусь.
На цырымоніі адкрыцця прэзідэнт Кыргызстану Алмазбек Атамбаеў адзначыў, што за мінулыя стагоддзя «з мапы свету зніклі шматлікія дзяржавы і адышлі ў нябыт шматлікія народы». 
«Але дух качавой цывілізацыі працягвае жыць. Яе сіла ў здольнасці быць у гармоніі з прыродай і зменлівым светам. Гэта асабліва важна ў наш век глабалізацыі. Наша гісторыя жыве ў нашых сэрцах», – цытуе словы кіраўніка Кыргызстану interfax.by.
На Сусветных гульнях качэўнікаў спаборніцтвы пройдуць па такіх відах спорту як «алыш» (барацьба на пасах), «салбуурун» (групавое паляванне), тактычная гульня «Ордо», конныя скачкі і г.д. Беларусы выступяць, сярод іншага, у барацьбе «кыргыз курош», падае сайт zakon.kz.
Для гасцей і ўдзельнікаў арганізатары абяцаюць культурную праграму, на якіх пакажуць звычаі кіргізаў. Чаму Беларусь далучылася да спартовай імпрэзы «качавой цывілізацыі» – застаецца загадкай.
Максім Ярашэвіч, belsat.eu
Стужка навінаў