Мастак Дэ Лёс разам з «Белсатам» узгадвае падзеі мінулага тыдня і дзеліцца ўласным поглядам на іх.
Разам з нашым мастаком азірнуліся на папярэднія сем дзён і на тое, які след яны пакінуць у гісторыі.
На вынаходніцтва беларускай вакцыны ад каронавіруса можа сысці Br5 млн. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў 15 снежня на сустрэчы з калектывам Магілёўскай абласной клінічнай больніцы.
«Я вельмі рады, што нашы навукоўцы замахнуліся на вытворчасць уласнай вакцыны. Перакананы, што мы ад гэтай заразы [каронавіруса] нікуды не падзенемся. Яна застанецца з намі, як грып. Значыць, нам патрэбная будзе вакцына. Трэба сваю распрацаваць, спецыялісты ёсць. Трэба брацца за гэта і не баяцца, – падкрэсліў Лукашэнка. – Там грошы, я паглядзеў, невялікія: дзесьці каля пяці мільёнаў рублёў. І мы акупім гэта, толькі трэба хутка рухацца ў гэтым кірунку».
5 млн рублёў па цяперашнім курсе – гэта каля 2 млн долараў. Паводле спецыялістаў, у ЗША ўвесь цыкл стварэння вакцынаў ад небяспечных інфекцыйных захворванняў каштуе ад 1,2 млрд да 8,4 млрд долараў. Напрыклад, бюджэт Беларусі на 2021 год – каля 10 млрд долараў. Такі высокі кошт вакцынаў абумоўлены шматлікімі складанасцямі і маштабамі неабходных даследаванняў.
Што за вакцына атрымаецца за 2 млн долараў, цяжка сказаць. Ну і зразумела, паддоследнымі мышамі, калі што, тут будуць беларусы.
На пачатку тыдня ў Менску праходзілі суды над пенсіянерамі, якія былі затрыманыя на Маршы мудрасці ў панядзелак, 14 снежня. У РУУС у той дзень прывезлі каля ста чалавек. Найстарэйшай жанчыне – 89 гадоў. За «фашысцкі» сцяг, а значыць і за фашызм, судзілі і 87-гадовую габрэйку Лізавету Бурсаву, якая, у адрозненні ад іншых чальцоў сваёй сям’і, цудам пазбегла гета.
Абсурд становіцца неад’емнай часткай жыцця. У Магілёве аўчарка палову кіламетра ішла па следзе «злачынцаў», што на дрэвах намалявалі БЧБ-палосы. Паглядзіце відэа і палічыце, колькі аператыўных груп задзейнічалі ў спецаперацыі па «ліквідацыі» небяспечных элементаў – бацькі, дачкі і сяброўкі.
Еўразвяз увёў 17 снежня трэці пакет санкцый супраць Беларусі. У спісе – бізнесоўцы Мікалай Верабей і Аляксандр Шакуцін, кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант, былы міністр аховы здароўя, цяпер – старшыня Гарадзенскага аблвыканкаму Уладзімір Каранік, старшыня Савету Рэспублікі Наталля Качанава і шмат іншых вядомых і малавядомых людзей, напрыклад шэраг суддзяў, якія адзначыліся адыёзнымі выракамі супраць пратэстоўцаў.
Незадаволенымі спісам аказаліся ўсе. Улады сказалі, што ім ёсць, чым адказаць. А апазіцыя палічыла спіс замалым.
«Здрадай і пляўком у твар беларусаў» назваў спіс рэжысёр Мікалай Халезін. «Па нейкай прычыне ўсе сурʼёзныя кейсы выдаленыя, а некаторыя «гаманцы» Лукашэнкі выкрасленыя ў апошні момант – адзін з іх шарыкавай ручкай (!), гэта значыць пасля ўсіх узгадненняў. Напэўна, прыйшоў час атакаваць не толькі яго [Аляксандра Лукашэнкі], але і «партнёраў», якія вядуць сябе як мінімум дзіўна, а як максімум подла«, – напісаў Халезін.
На мінулым тыдні было багата навінаў пра меркаваны рост падаткаў. Гэта закране айцішнікаў, мабільных аператараў (зразумела, і карыстальнікаў сотавай сувязі), аўтамабілістаў, якія будуць цяпер пад кантролем падаткавікоў плаціць дарожны збор, а пры мінанні мяжы, верагодна, і плаціць за гэта. Можна смела меркаваць, што гэтым рост падаткаў не скончыцца.
19 снежня споўнілася 10 год самай вялікай акцыі пратэсту пасля прэзідэнцкіх выбараў. Прынамсі так лічылася да 2020 году. Мы зрабілі падрабязную аналітыку, чым падзеі 2010 году і 2020 году не падобныя.
З 21 снежня Беларусь закрыла наземныя межы на выезд з краіны. Улады гэта патлумачылі каронавіруснай небяспекай. Немагчыма зразумець сэнс такога рашэння, маўляў, нельга раскідвацца каронавірусам і вывозіць яго за мяжу, самім спатрэбіцца.
AB, belsat.eu