Рэжысёр Віктар Аслюк пра свой фільм «Озўалд. Менская містэрыя»: Судзіць – гэта не мая задача

video

У нядзелю, 20 лістапада, а 20:10, – прэм’ера дакументальнага фільму вядомага кінадакументаліста Віктара Аслюка «Озўалд. Менская містэрыя». Таксама фільм можна будзе паглядзець онлайн на нашай старонцы.

Пасля стужкі «Озўалд. Менская містэрыя» глядзіце працяг тэмы ў дакументальным фільме «Джон Кенэдзі. Невядомы прэзідэнт».

22 лістапада 1963 года ў Дэласе забілі амерыканскага прэзідэнта Джона Кенэдзі. Праз два дні ў дэласкім пастарунку быў застрэлены падазраваны ў забойстве прэзідэнта, 24-гадовы Лі Гарві Озўалд, які прабыў нейкі час у СССР, у Менску.

Беларускі матыў у гісторыі забойства Кенэдзі дагэтуль інтрыгуе галоўным пытаннем: як Менск паўплываў на далейшыя ўчынкі Лі Гарві? Тры гады, праведзеныя Освальдам у сталіцы, назаўжды ўплялі Беларусь у сусветную тэорыю змовы і сталіся асновай для стужкі дакументаліста Віктара Аслюка «Озўалд. Менская містэрыя».

Рэжысёр Віктар Аслюк выпраўляецца ў тую самую кватэру ў цэнтры Менску, дзе адбываліся прыватныя размовы паміж беларускім студэнтам Эрнстам Цітаўцом і амерыканскім «турыстам» Лі Гарві Озўалдам. У атмасферы татальнага праслухоўвання з боку савецкіх спецслужбаў маладзёны ўздымалі розныя жыццёвыя тэмы.

Дакументаліст Віктар Аслюк падкрэсліў у «Гарачым каментары», што не ставіў перад сабою задачы паказаць, ці гэта насамрэч Лі Гарві Озўалд быў забойцам амерыканскага прэзідэнта.

«Была адна амбіцыя: у Менску застаўся адзін чалавек, які мала здымаўся ў кіно, але, паводле агульнага меркавання, зʼяўляўся адным з самых блізкіх людзей Озўалда ў ягоны менскі перыяд або нават у цэлым ягоным жыцці, бо жыццё Озўалда было вельмі кароткім. Канешне, у гэтым выпадку я, як рэжысёр, дазволіў сабе ісці за героем. Я не судзіў і не збіраюся судзіць – гэта не мая задача. Але мой герой – Эрнст Цітавец – лічыць, што Озўалд не забіваў. Гэта яго эмацыйнае, чалавечае права так лічыць», – падкрэсліў Віктар Аслюк.

Трэйлер фільму Віктара Аслюка «Озўалд. Менская містэрыя»:

Больш – у відэакаментары.

МЯ, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары