Джо Байдэн бачыць Беларусь у вольным свеце. «Прасвет» з Сяргеем Пелясою


Прэзідэнт ЗША правёў межы пасляваеннага парадку

Прэзідэнт ЗША Джо Байдэн як супергерой з’явіўся ў Кіеве. Ён упершыню ў гісторыі Амерыкі наведаў сталіцу дзяржавы, якая вядзе вайну і ў якой няма амерыканскага кантынгенту. Затым гаспадар Белага дому выступіў у Варшаве. Перад Каралеўскім замкам, на беразе Віслы: гледзячы на ўсход, ён звярнуўся да людзей перад ім і да ўсяго свету. Што значыць візіт Джо Байдэна ў Кіеў і ў Варшаву ў першую гадавіну пачатку вайны ва Украіне? Як разумець ягоныя словы пра Беларусь і апладысменты для прэзідэнта Малдовы Маі Санду? Падрабязней – Вольга Міцкевіч.

Пра што Вашынгтон вядзе дыялог з рэжымам Лукашэнкі? Інтэрв’ю з прадстаўніцай Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША

Як выглядае пазіцыя Вашынгтону наконт сітуацыі ў Беларусі? Як выглядаюць кантакты паміж ЗША і беларускім Аб’яднаным пераходным кабінетам? Інтэрв’ю Сяргея Пелясы з Андрэа Калан, прадстаўніцай Дзяржаўнага дэпартаменту ЗША.

Святлана Ціханоўская шукае падтрымку на Захадзе. Як яе там прымаюць?

Святлана Ціханоўская са сваёй камандаю бяжыць бесперапынны марафон. Бег, дзе няма часу на сон і абед, складаецца з дзясяткаў і сотняў сустрэчаў з заходнімі палітыкамі, бізнесоўцамі, з беларускаю дыяспараю. Ціханоўская выступае адкрыта ў парламентах і гаворыць за зачыненымі дзвярыма. Ейныя суразмоўцы – усе тыя, ад каго залежыць лёс беларусаў і Беларусі. Ад філантропа Джорджа Сораса, дырэктараў «Google» і галоўнага рабіна Еўропы да канцлера Нямеччыны Оляфа Шольца. Сяргей Пеляса крыху пабегаў за ёй з відэакамераю падчас Мюнхенскай канферэнцыі аб бяспецы, зазірнуў за кулісы ейнай працы. Святлана Ціханоўская выбівае грошы на перамогу беларусаў над дыктатурай, яна пераконвае заходніх лідараў трымаць адчыненымі дзверы вольнага свету для беларусаў, а тым, хто там ужо аказаўся, – трохі спрасціць жыццё, хаця б фармальнасці. Як яе прымаюць на Захадзе? Падрабязнасці – у рэпартажы з Мюнхену.

Незразумела, хто «прыдумаў» Украіну. Як Пуцін заблытаўся ва ўласных фэйках?

Уладзімір Пуцін раскідаў фэйкі ў сваім выступе. Паўтары гадзіны кіраўніцтва Расеі слухала гаспадара Крамля. Чарговы раз ён абразіў увесь украінскі народ, абвінаваціў Захад у вайне і раскідаў хлусню, якую мы зараз абвергнем. Ці было нешта новае і важнае ў ягоным выступе? На якіх асацыяцыях ён гуляе? Чаму раней ён заяўляў, што Украіну стварыў Ленін, а зараз Аўстрыя і Польшча? Ці ёсць у Расеі сучасныя ўзбраенні і мільён маладых спецыялістаў? 

Ход канём калгаснага дыктатара. Хто галоўны вораг Лукашэнкі?

Аляксандр Лукашэнка хоча быць не горшым за Джо Байдэна і Уладзіміра Пуціна, таксама блішчэць у прамянях тэлекамераў, звяртацца да мільёнаў. Таму на тыдні, калі прэзідэнт ЗША наведаў Украіну і Польшчу, а Уладзімір Пуцін звярнуўся да расейскіх дэпутатаў, Лукашэнка зрабіў ход канём. Менскі дыктатар, не выходзячы з зоны камфорту, звярнуўся да замежных журналістаў. Прамаўляў аж тры гадзіны. Захаду гразіўся павялічыць армію і разам з Расеяй браць удзел у ваенных дзеяннях. Прычым у развязанай Расеяй агрэсіі ва Украіне вінаваціў ЗША і палітычную эліту Украіны. Не забыўся і пра Польшчу, якую назваў эпітэтам з савецкіх падручнікаў. Сюжэт Юліі Лабанавай.

Міжнародны тэлечасопіс «ПраСвет» з Сяргеем Пелясою глядзіце шточацвер а 21:30. Падпісвайцеся на «Прасвет» у профілю на Facebook ! Глядзіце нас праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале і на нашай старонцы.