Праваабаронцы Amnesty International прызналі Дзмітрыя Паліенку вязнем сумлення


Дзмітрый Паліенка

Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International у адмысловай заяве прызнала Дзмітрыя Паліенку вязнем сумлення.

«Amnesty International заклікае беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць вязня сумлення Дзмітрыя Паліенку, які быў зняволены выключна за мірнае ажыццяўленне сваіх правоў на свабоду слова і свабоду мірных сходаў», – адзначаецца ў заяве праваабаронцаў.

Грамадскі актывіст Дзмітры Паліенка ў кастрычніку 2016-га быў асуджаны на 2 гады зняволення з адтэрміноўкай нібыта за напад на міліцыянта падчас роварнага прабегу «Крытычная маса», які адбыўся ў траўні мінулага году ў Менску. Міліцыянты спынілі акцыю, некалькі чалавек затрымалі, у тым ліку Паліенку, які нібыта парваў вопратку супрацоўніка міліцыі. Сваёй віны актывіст не прызнаў. Незадоўга да суда яму было прадяўленае дадатковае абвінавачванне ў «вырабе і распаўсюдзе парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару».

Пасля прысуду Паліенка працягваў актыўна ўдзельнічаць у грамадскім жыцці, прымаў удзел у акцыях пратэсту за што прыцягваўся да адміністратыўнай адказнасці. Увесну гэтага году актывіста зноў арыштавалі: суд скасаваў адтэрміноўку і адправіў Паліенку адбываць рэшту тэрміну ў Бабруйскую калонію. Суд залічыў толькі 5 месяцаў, якія Паліенка раней адбыў у СІЗА падчас следства па справе «Крытычнай масы».

Amnesty International прааналізавала справу Паліенкі, і лічыць, што ўсе абвінавачванні супраць актывіста вынікаюць з мірнага ажыццяўлення ім сваіх правоў на свабоду слова і мірных сходаў.

«Арганізацыя лічыць, што Дзмітры Паліенка стаў ахвярай пераследу з боку ўладаў праз яго мірную дзейнасць і, такім чынам, з’яўляецца вязнем сумлення. Amnesty International заклікае беларускія ўлады неадкладна і безумоўна вызваліць яго», – адзначаюць праваабаронцы.

 

КА, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары