Піце на здароўе!


Ужо сёння ўвечары ўва ўсіх сталічных крамах ізноў будзе можна набыць алкаголь. Забарона на продаж з 22 да 9 раніцы скасаваная. Яшчэ ўчора аналагічнае рашэнне было прынятае ў Гомлі і некаторых раёнах Менску.

Усе крамы будуць рэалізоўваць алкагольную прадукцыю на працягу ўсяго рэжыму працы. Такім чынам, у «начніках» алкаголь можна будзе набыць кругласуткава. Трэба заўважыць, што аматараў напіцца забарона не надта стрымлівала. Увечары і зранку ў аптэках з’яўлялісь ажно чэргі па настойкі. Самыя пітныя з іх былі – глогу, календулы, сардэчніку, «Масковія» і «Ламівіт». Ва ўсіх утрымліваецца 70% спірт, а кошт такога пойла ад 6 да 12 тысячаў.

Галоўны ж чыннік, які паўплываў на зняцце забароны, быў агучаны Аляксандрам Лукашэнкам на нарадзе па пытанням вытворчасці і абароту алкагольнай прадукцыі. Ён пастанавіў да 1 верасня ўсім гандлёвым аб’ектам пагасіць запазычанасці за пастаўкі прадукцыі, пад пагрозай аб пазбаўленні ліцэнзіі, а да 15 верасня разгрузіць склады і паставіць прадукцыю ў дробны гандаль.

На загад прэзідэнта ўжо адрэагаваў намеснік старшыні Менскага гарадскога выканкаму Андрэй Дамарацкі. Чыноўнік загадаў тэрмінова запоўніць гандлёвыя кропкі і рэстарацыі айчынным алкаголем. Наяўнасць асартыменту беларускай вытворчасці, а таксама прыярытэтная пазіцыя на паліцах і ў меню будзе адсочвацца.

Пра тое, што Беларусь знаходзіцца ў першых шэрагах найбольш пітушчых краінаў свету, чыноўнікі не ўзгадваюць. З іх заяваў вынікае, што галоўная мэта не стрымаць алкагалізм, а наадварот прадаць насельніцтву як мага болей алкаголю, але свайго – беларускага.

Алег Ражкоў, «Белсат»

Стужка навінаў