У гарадзенскай гаспадарчай краме Горадні прадаюць расейскія «патрыятычныя» паштовыя скрыні.
«Пярэселка» – звычайная гарадзенская крама ў аднайменным раёне. На першым паверсе тавары агульнага ўжытку, прадукты, на другім – ювелірная майстэрня, гаспадарчыя прылады, пара фірмаў.
Тут мы і вырашылі праверыць інфармацыю пра дзіўныя паштовыя скрыні…
– Скрыні ёсць паштовыя?
– А адкуль вы ведаеце? – нечакана перапытвае прадавец
– Людзі, кажуць.
– Ах, людзі… – пасміхаецца сівы мужчына каля 50-ці ды вядзе ўглыб крамы.
Складаецца ўражанне, што скрынямі ўжо нехта цікавіўся да нас. Прадавец па-ранейшаму недаверліва глядзіць у бок «патэнцыйных пакупнікоў». Самая танная расейская скрыня – 83 тысячы, беларускі нейтральны аналаг – 99. Пры гэтым беларуская скрыня – сапраўды нейтральная, без аніякіх упрыгожанняў, расейскія – усе з сімволікай.
Сітуацыя магла б падацца смешнай і нязначнай, калі б нацыянальная пошта, як і войска з грашовымі адзінкамі, не была адной з базавых прыкметаў незалежнай дзяржавы. Атрымліваецца, што беларусаў прывучаюць ужо і да расейскай пошты?