Стары вадзяны млын у аграгарадку Дворышча пад Лідай стане культурніцкай пляцоўкай з сярэднявечнай анімацыяй і беларускай міфалогіяй.
Тры гады таму каменны будынак старога вадзянога млыну атрымаў шанец на новае жыццё. Помнік прамысловай архітэктуры ХІХ ст. выкупіла на аўкцыёне турыстычная фірма «Адрас лета», якая актыўна ўзялася за рэканструкцыю. Цягам двух гадоў амаль поўнасцю ўдалося аднавіць і па-новаму абсталяваць занядбаны будынак. Усталявалі вокны, дзверы, адбудавалі столь. Усё рабілася майстрамі фірмы ў адным з пакойчыкаў млына, з якога зладзілі майстэрню.
Хоць пабудову адносяць да ХІХ ст., дырэктар фірмы і адзін з уладальнікаў Генадзь Конан, упэўнены, што ўласна млын нашмат старэйшы. Пра гэта сведчыць тэхналогія пабудовы і таўшчыня сценаў, зробленых з вялізных камянёў. Атмасфера будынку незаўважна пераносіць у сівую даўніну.
«Гэтая сядзіба пераходзіла з рук у рукі. Самыя вядомыя гаспадары Дворышча гэта Радзівілы. Пуслоўскія потым, потым быў расейскі генерал царскай арміі. Гісторыя багатая. Тут настолькі ўсё пераблытана. Дворышча стаіць на палове шляху паміж Вільняй і Лідай. Відавочна, што гэтая мясціна была так званым месцам адпачынку або прыстанішчам для заможных падарожнікаў, якія кіраваліся ў Вільню. Да прыкладу ў Лідзе адзначаў сваё вяселле кароль Ягайла з Зоськай Гальшанскай. Пасля некалькіх тыдняў забавы яны выправіліся ў Вільню. Дворышча было ідэальным месцам адпачынку. Цалкам магчыма, што адсюль і паходзіць назва», – распавядае Генадзь Конан.
Пры ўваходзе ў будынак можна заўважыць галоўных жыхароў адноўленага млына. З кутоў ля столі за наведнікамі назіраюць некалькі фігурак герояў беларускай міфалогіі – гарэзлівых злыдняў.
Генадзь Конан лічыць, што гэты будынак не быў бы магчымым без міфалогіі, з якой было звязана ўсё жыццё і побыт нашых продкаў. Адным з галоўных жыхароў вадзянога млына неўзабаве станецца вадзянік, персанаж які быў абавязковым у аповедах пра млыны і млынароў. Жыў ён пад вадзяным колам, якое прыводзіла ў рух увесь млын.
Пра млынароў, як вядома, хадзілі розныя пагалоскі. Заўсёды гэтую таямнічую касту беларусаў звязвалі з ліхімі сіламі. Казалі, што ўдзень мелюць млынары, а ўночы – чэрці.
«У беларускай міфалогіі млынары прыносілі ахвяры вадзяніку, які жыў пад колам. Мы ў сваю чаргу ўставілі кола пад шкло і цяпер у нас над ім стаіць калядная ялінка для дзетак, але ў будучыні абавязкова з’явіцца вадзянік», – тлумачыць спадар Генадзь.
Генадзь Конан шмат гадоў займаецца беларускім сярэднявеччам. Таму ў адноўленым будынку знайшлося месца для сярэднявечнай зброі, даспехаў і катоўні.
Адна з залаў прысвечана сярэднявечным катаванням, якія мелі месца ў Вялікім княстве Літоўскім. Тут можна падзівіцца на дошку ганьбы, іспанскага каня, крэсла дазнання ў калючых шыпах і нават прыладу для самай страшнай пакуты – калесавання.
«У Лідзе ёсць сярэднявечны замак і ў гэтым замку мы ладзім нашыя анімацыі, да прыкладу вяселле караля Ягайлы, розныя сярэднявечныя гульні. Гэта адна з паслугаў, якія мы робім для турыстаў. Тэма сярэднявечча і ў гэтым месцы вельмі блізкая. Таму мы ўсталявалі гэтую экспазіцыю зброі Вялікага Княства Літоўскага. Пры гэтым абысціся без катоўні нельга. Бо камера катаванняў – гэта элемент судовай справы ў любой сярэднявечнай дзяржаве. Гэтыя экспанаты не з’яўляюцца выпадковымі. Тут прадстаўленыя экспанаты, якія мелі месца ў ВКЛ. Гэта частка нашай гісторыі, прапісаная нават у канстытуцыі – Статуце Вялікага Княства», – тлумачыць Генадзь Конан.
Для турыстаў падрыхтавалі чатыры залы для наведвання. Бліжэй да вясны ў будынку будзе арганізаваны таксама этнаграфічны музей. А бліжэй да лета будуць ладзіцца байдаркавыя сплавы па рацэ Жыжма, на якой стаіць млын.
«Тут у 300 метрах ёсць таксама конна-спартыўная школа, з якой мы таксама будзем супрацоўнічаць. Таму гэта будзе комплекс забаваў для самых розных мэтавых групаў. Тут можна ладзіць усё, што заўгодна, звязанае з нашай гісторыяй: імпрэзы для дзяцей, вяселлі ў сярэднявечным стылі, знаёмства з беларускай міфалогіяй, этнаграфічныя вечарыны. Пры гэтым мы будзем працаваць і на польскай, і на літоўскай мовах, каб быць больш прыцягальнымі для турыстаў з суседніх краін», – распавядае кіраўнік праекту.
Калі турысты прыязджаюць, ім цікавая менавіта беларуская культура, яны хочуць пазнаёміцца менавіта з мясцовымі звычаямі і традыцыямі, – лічыць Генадзь Конан.
«Гэткія аб’екты сёння патрэбны на 200 адсоткаў, – дадае адмысловец. – Я працую ў турызме вельмі даўно, з пачатку 90-х гадоў. Аб’ектаў бракуе, нават у параўнанні з суседнімі Літвой і Польшчаю, у нас іх мала. Па-першае, гэта частка нашай гісторыі, па-другое, з пункту гледжання бізнесу гэткія аб’екты стымулююць развіццё рэгіёнаў».
Паўліна Валіш