Ніна Жызнеўская: «Боль не адпускае, ён разрастаецца як снежны ком»


Акцыя, прысвечаная памяці Міхаіла Жызнеўскага, адбылася на магіле абаронцы Майдану ў вёсцы Сцяг Працы.

«Я думала, што як мінае больш часу боль пачне хоць крыху адпускаць, але гэты боль не адпускае, ён яшчэ больш разрастаецца як снежны ком», – дзеліцца Ніна Жызнеўская, маці Міхаіла.

Арганізавалі ўшанаванне памяці беларуса, загінулага на Майдане, гомельскія дэмакратычныя сілы. Адмыслова для ўдзелу ва ўрачыстасці прыехалі і госці з Менску.

«Беларусы якія зараз змагаюцца ва Украіне – гэта героі, гэта людзі, якія ахвяруюць сабой за нашу і вашу свабоду. і таму беларускае грамадства мусіць ставіцца да іх як да тых хто абараняе Беларусь. Усе размовы пра наёмніцтва, усе размовы пра крымінальныя справы хай застануцца на сумленні гэтага рэжыму», – зазначае Павал Севярынец, сустаршыня партыі БХД.

Першыя героі Нябеснай сотні загінулі ў Кіеве два гады таму падчас рэвалюцыі Годнасці. Адзін з іх – 25-цігадовы Міхаіл Жызнеўскі. Беларуса забілі ў выніку сутыкненняў з праваахоўнікамі на вуліцы Грушэўскага стрэлам у сэрца.

«Аддаць сваё жыццё за волю чалавека, за вызваленне яго душы ад рабства, за ідэю новае Еўропы, у якой будзе і Украіна і Беларусь, гэта мара Міхася і яна спраўдзіцца – гэта каштуе вялікага, нам гасподзь падарыў героя ў дваццаць першым стагоддзі», – мяркуе грамадская актывістка Вольга Мікалайчык.

У Кіеве Міхаілу Жызнеўскаму ўсталявалі помнік, прэзідэнт Украіны пасмяротна ўзнагародзіў беларуса ордэнам Героя Нябеснай сотні.

Два дні таму Пятро Парашэнка ўсклаў кветкі да помніку Жызнеўскаму. Сёння месца гібелі беларуса ва ўкраінскай сталіцы наведаў Мікола Статкевіч.

Наш тэлеканал у нядзелю прэзентуе прэмʼеру дакументальнага фільму Міхася Аршынскага пад назваю «Міхаіл Жызнеўскі. Воін Святла». Стужка складаецца з успамінаў і аповедаў паплечнікаў, сяброў і родных абаронцы Майдану.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Стужка навінаў