«Нашмат лягчэй вызваліць Беларусь, чым узяць Крым». Гутарка з аўтарам «Беларускага паходу»


Украінскія войскі на мяжы з Беларуссю доўгія месяцы чакаюць наступу з беларускага боку. Гэта не толькі апісанне рэальных падзеяў апошняга года, але і завязка аповесці «Беларускі паход», якую на сваёй Facebook-старонцы публікуе ўкраінскі палітык і вайсковец Багдан Буткоўскі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Глеб Гараніч / Reuters / Forum

Багдан Буткоўскі – гісторык, дэпутат Тэрнопальскай абласной рады ад партыі «Свобода». У 2014–2015 гадах браў удзел у антытэрарыстычнай аперацыі на Данбасе, а з 25 лютага 2022 года – ізноў у войску, удзельнічаў у тым ліку ў баях пад Кіевам. Са снежня 2022 года пачаў публікаваць на сваёй старонцы ў Facebook раздзелы аповесці «Беларускі паход», што ў мастацкім стылі распавядае пра падзеі цяперашняй расейска-ўкраінскай вайны ды агулам закранае пытанні будучыні краінаў Усходняе Еўропы.

Хоць сама аповесць і мастацкая, яна вельмі моцна насычаная падзеямі з рэальнага жыцця. Тут і поўнамаштабная агрэсія Расеі, і ўспаміны пра беларускія пратэсты 2020 года, і беларускі полк імя Кастуся Каліноўскага, і нават раптоўная смерць былога міністра ўнутраных справаў лукашэнкаўскай Беларусі Уладзіміра Макея.

«Нам патрэбнае войска Канстанціна Астрожскага»

На сёння апублікаваныя толькі тры пачатковыя раздзелы. Першы – «Філасофія бярозавых джунгляў» – распавядае пра ўкраінскіх вайскоўцаў, што ўжо доўгі час ахоўваюць поўнач Ровенскай вобласці ад магчымага наступу з Беларусі. Тут жа ўпершыню знаёміць з беларусамі-каліноўцамі:

«Хлопцы-беларусы нармальна ваююць, і да іх усё больш народу ідзе. Казалі, што неўзабаве будуць мець паўнавартасную брыгаду».

Другі раздзел – «Забытая гісторыя Палесся» – пераносіць нас ужо ў Беларусь, на Берасцейшчыну, да пляменніка і дзядзькі, якія служаць у КДБ. Калі для малодшага, сяброў і каханую якога ў 2020 годзе збілі за ўдзел у пратэстах, жыццё не чорна-белае, то старэйшы, наадварот, аматар «расейскага свету», для якога «Пуцін – красава», а беларусы – гэта расейцы.

«Калі б не Пуцін, то Лукашэнка даўно б ужо лёг пад Захад. Ты ж памятаеш, як у дваццатым годзе да нас у кантору прыязджалі спецы з Расеі. Без іхнай дапамогі мы з тымі бунтарамі рады б не далі».

У трэцім жа раздзеле, што атрымаў назву «Ад мора да мора», мы трапляем у кабінет працаўніка польскага МЗС, які распавядае падначаленаму сваё бачанне міжнароднай палітыкі ў нашым рэгіёне і тлумачыць, чаму «Беларусь ёсць неадʼемным складнікам Міжморʼя»:

«Нам патрэбны не полк Каліноўскага, нам патрэбнае войска Канстанціна Астрожскага, што можа разбіць маскавітаў. Часу не так ужо і шмат, гэтыя варʼяты могуць пачаць анексію Беларусі яшчэ да вясны. Адкрываецца акно магчымасцяў, але мусім спрацаваць вокамгненна!»

Украіне патрэбныя хаўруснікі

У размове з «Белсатам» Багдан Буткоўскі адзначыў, што з дапамогай сваёй аповесці спрабуе данесці да ўкраінскага грамадства важнасць Беларусі і стварыць грамадскую дыскусію адносна яе.

«Нашае грамадства вельмі несвядомае. Мала хто ведае пра ролю беларусаў, палякаў у той сітуацыі, што адбываецца. Насамрэч, ідзе Трэцяя сусветная вайна, у якой увесь свет ваюе з Украінай супраць Расеі. Адпаведна, нам патрэбныя хаўруснікі, а з беларусамі ў нас гістарычна найлепшыя стасункі і вялікі патэнцыял», – падкрэсліў вайсковец.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Алесь Усцінаў / Белсат

Аўтар адзначае, што намагаецца, каб аповесць мела не толькі ідэалагічную, але і мастацкую каштоўнасць. Праўда, прызнае, што ў войску «трохі ўмовы кепскія для творчасці». Тым не менш, суразмоўца плануе публікаваць кожную новую частку хаця б раз на 10-15 дзён.

Беларусь – цэнтр Міжмор’я

Багдан Буткоўскі нагадвае, што беларусы і ўкраінцы – вельмі блізкія этнасы з вельмі падобнымі моваю і гісторыяй:

«Літаральна пару беларускіх словаў, што я не разумеў, я вывучыў, і мне вельмі камфортна размаўляць з беларусамі».

Суразмоўца адзначае, што ў Сярэднявеччы менавіта Беларусь была ў геаграфічным цэнтры Кіеўскай Русі ды гандлёвага шляху з «варагаў у грэкі».  Важнасць Беларусі для свету вынікае ў тым ліку з геапалітычнай канцэпцыі брытанскага навукоўца Галфарда МакКіндэра (Halford Mackinder), які ў сваіх працах пісаў пра «асяродак» Еўразіі – Гартлэнд (Heartland).

«Той, хто кіруе Гартлэндам, той кіруе Еўразіяй. А цэнтрам Гартлэнду ёсць Міжмор’е, а цэнтрам Міжмор’я – Беларусь», – распавёў Багдан Буткоўскі.

Аўтар «Беларускага паходу» падкрэслівае, што ўкраінскія нацыянальныя сілы з часоў Украінскай Народнай Рэспублікі і канцэпцыі Міжмор’я ўкраінскага палітолага Юрыя Ліпы надавалі вялікую вагу Беларусі. З беларусамі намагалася супрацоўнічаць і Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў. Дый яшчэ нядаўна ўсе нацыяналістычныя, традыцыяналісцкія і частка ліберальных сілаў выступалі за саюз з Беларуссю.

Але, мяркуе Багдан Буткоўскі, улады Украіны сёння не вядуць стратэгічнай працы адносна Беларусі:

«Заляцанне да Лукашэнкі. Толькі б ён не напаў».

Беларусь – гэта стратэгічная рэч

Багдан Буткоўскі адзначае, што «геапалітычна незалежная Беларусь азначае незалежную Украіну». Таму, на ягоную думку, для Украіны Беларусь – гэта стратэгічная рэч.

«Залежная Беларусь – гэта заўжды пагроза Украіне. То бок Украіна вельмі зацікаўленая ў Беларусі», – заявіў ён.

Роля Беларусі ва Украіне сёння вельмі недаацэненая, тады як «палітычныя колы Польшчы гэта ўсё добра разумеюць», – падкрэслівае суразмоўца.

«Шлях да перамогі Украіны ляжыць у незалежнасці Беларусі»

На думку суразмоўцы, расейскія ўлады «рана ці позна могуць Лукашэнку даціснуць» – і ў выніку той накіруе свае войскі ва Украіну. Хоць беларускія вайскоўцы і не хочуць ваяваць з украінскімі, бо «банальна разумеюць, што ў іх няма досведу, што іх выкарыстоўваюць і што яны будуць несці велічэзныя страты».

Багдан Буткоўскі падкрэсліў, што на поўначы Украіны цяпер вельмі шмат фартыфікацыйных умацаванняў і вельмі шмат дасведчаных войскаў.

«Які-небудзь прарыў да Роўна ці Львова – гэта маразм. У прынцыпе немагчыма. А магчыма іншае: масавая здача, пераход з тэхнікаю, разгром і далейшы наступ», – мяркуе вайсковец.

На ягоную думку, украінскім уладам было б варта развіваць цяпер беларускія вайсковыя фармаванні, насычаць іх беларусамі, добраахвотнікамі-ўкраінцамі, іншаземнымі грамадзянамі, якіх, мяркуе ён, каля 30 тысячаў цяпер ваюе ў ЗСУ. І «яны пад бел-чырвона-белымі сцягамі цудоўна маглі б здзейсніць марш на поўнач». Багдан Буткоўскі кажа, што гэта можна было б зрабіць з улікам таго, што беларуская палітычная эліта, у тым ліку і Святлана Ціханоўская, цяпер у эміграцыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Кіеў і нашыя цэнтральныя землі з поўначы неабароненыя. А зверху што ў нас? Беларусь. І гэты фронт, на якім мы трымаем войскі. І калі б увайшлі на тэрыторыю Беларусі, гэта б паблытала карты Пуціну. Больш за тое, пуцінскі рэжым мог бы ўпасці нават з прычыны падзення рэжыму Лукашэнкі», – мяркуе гісторык.

Паводле яго, «незалежная Украіна яшчэ можа быць без Беларусі, але бяспекі ў незалежнай Украіне без незалежнай Беларусі не можа быць ніколі».

«Шлях да перамогі Украіны ляжыць у незалежнасці Беларусі», – кажа Багдан Буткоўскі.

І дадае, што «нават з вайсковага гледзішча нашмат лягчэй вызваліць Беларусь, чым узяць Крым». Бо адная справа – штурмаваць паўвостраў, а другая – раўніны і добрыя дарогі.

Хведар Вішнеўскі belsat.eu

Стужка навінаў