Да канца верасня ў Расеі могуць правесці чарговую мабілізацыю?


Да канца верасня Уладзімір Пуцін можа падпісаць указ пра абвяшчэнне мабілізацыі ў РФ, паведамляе партал ZN.ua са спасылкаю на ўкраінскія спецслужбы.

forum 0775392980
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Petrov Sergey / Russian Look / Forum

Выданне гаворыць, што адпаведны праект дакументу ўжо падрыхтаваны і чакае падпісання. Гэта можа адбыцца да канца верасня.

Крыніца, ад якой ZN.ua атрымала інфармацыю, сцвярджае, што такая дата абраная невыпадкова. Адна з прычынаў – у Расейскай Федэрацыі да таго моманту ўжо адбудзецца адзіны дзень галасавання, што дазволіць нівеляваць негатыўную рэакцыю людзей на ўказ і не дазволіць ёй паўплываць на падтрыманне кандыдатаў ад «Единой России». Акрамя таго, да канцу верасня чакаюць, што большасць грамадзянаў ужо вернецца з адпачынкаў і вакацыяў.

Таксама крыніца выдання адзначае, што ўказ можа беспасярэдне закрануць расейцаў, якія жывуць за мяжою. Грамадзянам РФ мабілізацыйнага веку могуць прапанаваць вярнуцца ў Расею цягам тыдня пасля падпісання дакументу і адслужыць адзін год ва Узброеных сілах, піша ZN.ua.

Выданне таксама спасылаецца на словы прадстаўніка ўкраінскага Галоўнага ўпраўлення выведкі Андрэя Юсава, які нядаўна заявіў, што расейцы працягваюць праводзіць схаваную мабілізацыю, але «сцэнар адкрытай мабілізацыі ў РФ разглядаецца вайскова-палітычным кіраўніцтвам акупантаў».

У пачатку жніўня расейскі дэпутат і старшыня камітэту Дзярждумы ў справе абароны Андрэй Картаполаў адзначыў, што расейскія ўлады не збіраюцца праводзіць мабілізацыйных захадаў: «Ніякай новай мабілізацыяй і не пахне».

У той жа час, паводле Картаполава, увосень 2023 года ў Дзярждуму ўнясуць законапраект, які пашырае крымінальную адказнасць для ваеннаабавязаных – за гэта будзе прадугледжанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да 5 гадоў або штраф памерам паўмільёна расейскіх рублёў.

Нагадаем, што ў Расеі падпісалі закон, згодна з якім з 1 студзеня 2024 года прызыў у армію распаўсюджваецца на грамадзянаў ад 18 да 30 гадоў (раней прызывалі толькі да 27 гадоў).

Мабілізацыю ў Расейскай Федэрацыі абвесцілі 21 верасня 2022 года (згодна з указам Уладзіміра Пуціна «Аб абвяшчэнні частковай мабілізацыі ў Расейскай Федэрацыі»), што выклікала вялікі адток з краіны грамадзянаў прызыўнога веку (асабліва са сталіцы). У выніку гэта стварыла вялікі ажыятаж на авіярэйсы з Масквы ў бязвізавыя краіны, а таксама прывяло да дэфіцыту квіткоў і росту іх коштаў.

Hавiны
Людзі з Расеі ўцякаюць не толькі ад мабілізацыі. Яны баяцца, што РФ скоціцца ў СССР
2022.10.17 08:00

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў