У касцёле ў Гарадзенскай вобласці зафарбавалі фрэску «Цуд на Вісле»


У касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай у Солах Смаргонскага раёну зафарбавалі фрэску «Цуд на Вісле» з выяваю Варшаўскай бітвы 1920 года, паведамляе Katolik.life. Гэта адбылося на патрабаванне ўладаў.

Фрэска «Цуд на Вісле» ў касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай. Крыніца: katolik.life

Фрэску каля алтара ў касцёле зафарбавалі пасля сюжэту на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь 1»: вядоўца Ксенія Лебедзева абурылася выяваю Варшаўскай бітвы 1920 года падчас савецка-польскай вайны. На ейную думку, карціна «заклікае да распальвання нацыянальнай і рэлігійнай варожасці», бо там паказанае «забойства савецкіх салдатаў».

Як раней пісаў на сваім сайце аддзел спорту і турызму Смаргонскага раённага выканаўчага камітэту, «на ёй намаляванае паражэнне савецкага рэжыму».

«Лічыцца, што гэтая фрэска абараняла мясцовых жыхароў ад рэпрэсій 30-х гадоў, і ў гэта лёгка верыцца, бо касцёл не быў разбураны і не быў знішчаны, і нават не быў пераўтвораны ў склад ці музей, заставаўся дзейным нават у часы СССР, а адбылося гэта дзякуючы сапраўды цудоўнай перамозе польскіх войскаў над Чырвонай арміяй у 1920 годзе», – паведамлялася ў выдаленай публікацыі раённага аддзелу спорту і турызму.

Фрэска «Цуд на Вісле» ў касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай. Крыніца: katolik.life
Фрэска «Цуд на Вісле» ў касцёле Найсвяцейшай Панны Марыі Ружанцовай. Крыніца: katolik.life

Да гэтага фрэску ўжо зафарбоўвалі пры савецкай уладзе, але пазней аднавілі.

Карціна была напісаная неўзабаве пасля Варшаўскай бітвы, якая адыграла вялікую ролю ў гісторыі Еўропы. Тады Польшча змагла спыніць наступленне савецкай арміі, якая несла атэістычны рэжым, і дабіцца пералому ў хадзе вайны.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў