У Гомлі затрымалі 50 аматараў японскага мульціка з моладзевага руху «ЧВК Редан»


У Гомлі сілавікі затрымалі не менш як 50 удзельнікаў нефармальнага моладзевага руху «ЧВК Редан», названага так у гонар герояў японскага мультфільму ў стылі анімэ. Падлеткі спрабавалі зладзіць сустрэчу ў гандлёвым цэнтры. Аб гэтым паведамляе тэлеграм-канал «Флагшток».

Удзельнікі моладзевага нефармальнага руху «ЧВК Редан».
Фота: «Флагшток» / Telegram / flagshtok

Паведамляецца, што 28 лютага ў гандлёвым цэнтры «Секрет» у Гомлі сілавікі правялі жорсткія масавыя затрыманні моладзі з нефармальнага руху «ЧВК Редан». Імаверна, затрыманні праводзіліся і ля Цэнтральнага рынку. Затрыманыя не менш за 50 дзяцей і падросткаў ўзростам ад 10 да 16 гадоў, іх утрымліваюць ва УУС Цэнтральнага раёну Гомлі на вуліцы Галавацкага.

Відавочцы затрыманняў паведамляюць аб выкарыстанні гумавых дручкоў на выхадзе з названага гандлёвага цэнтру.

«Бачу ідуць 6 міліцыянераў і 3 кэжыкі (г. зн. гопнікі), накачаныя такія 16-гадовыя хлопцы, іх пачалі дубасіць, потым павязалі», – цытуе «Флагшток» аднаго з відавочцаў.

Удзельнікі «ЧВК Редан» у атачэнні сілавікоў. Гомель, 28 лютага 2023 года.
Фота: «Флагшток» / Telegram / flagshtok

Таксама паведамляецца, што міліцыя правярала ў маладых людзей тэлефоны:

«Правяраюць галерэі, калі там усё чыста – адпускаюць».

З паведамленняў чату ўдзельнікаў нефармальнай групоўкі вядома, што міліцыя спачатку спрабавала напужаць нефармалаў, але тыя наўмысна вярнуліся у «Секрет».

«Спачатку мянты прыехалі, яны ўсіх напалохалі, але ўсім па**й, усе вяртаюцца. І ўжо АМАПаўцы пачалі выходзіць проста левых аўто, з буса».

Паводле «Флагштока», у чатах, прысвечаных збору «ЧВК Редан» было шмат ілжывых паведамленняў супрацьлеглага зместу: «чаму нікога няма?», «няма тут ніякай міліцыі». Адзін з акаўнтаў у пацверджанне бяспекі сустрэчы апублікаваў відэа з гандлёвага цэнтру, які размешчаны не ў Гомлі.

Што такое «ЧВК Редан»

Нагодай для затрыманняў у Гомлі стала абвешчаная праз сацсеткі масавая сустрэча ўдзельнікаў моладзевага нефармальнага руху «ЧВК Редан», папулярнага ў Расеі і ва Украіне. ЧВК гэта не абрэвіятура ад расейскага азначэння «частная военная компания». Тры вядомыя па ваенных дзеяннях літары дададзены да назвы «Геней Редан» (у перакладзе з японскай – «Прывідная Трупа»). Так называлася злачынная групоўка з мульфільму-анімэ «Hunter x Hunter». Удзельнікі сцвярджаюць, што назва «ЧВК Редан» зʼяўляецца жартоўнай.

Павук і штаны ў клетку – характэрныя рысы адзення ўдзельнікаў «ЧВК Редан». Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: korrespondent.net

Прыхільнікі руху носяць штаны ў клетку, чорныя байкі ці майкі з малюнкам павукоў і лічбай 4. Адрозніваюцца даволі агрэсіўным стаўленнем да апанентаў, лічачы сваімі ворагамі футбольных фанатаў, іншаземцаў і выхадцаў з Каўказу.

Рух прыйшоў з Расеі, пакуль што не мае выразнага палітычнага характару. Прыхільнікі руху ўчынілі некалькі масавых боек з футбольнымі фанатамі ў розных гарадах Расеі. Бойкі запісваюцца на відэа, якое потым публікуецца ў сацсетках. Падобныя дзеянні называюць флэшмобам.

Аб’ектыў
«ЧВК Редан» – хто яны і якую небяспеку нясуць?
2023.02.28 21:37

Напярэдадні сустрэчы ў Гомлі масавыя акцыі ўдзельнікаў руху прайшлі ў Расеі, 27 лютага – у буйных гарадах Украіны. Сустрэчы суправаджаліся масавымі затрыманнямі непаўналетніх. Раней падобныя сустрэчы ў некаторых расейскіх гандлёвых цэнтрах суправаджаліся бойкамі, на іх удзельнікаў завялі крымінальныя справы.

Вядома, што ў школах Гомля экстранна ладзяцца прафілактычныя бяседы з вучнямі аб недапушчальнасці ўдзелу ў «ЧВК Редан».

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў