Узмацненне кантролю на мяжы і допыты – яшчэ адна захада рэжыму, каб запалохаць беларусаў


Чытачы «Белсату» паведамляюць, што ўжо цяпер на мяжы пры ўездзе ў Беларусь у іх не толькі пільна правяраюць рэчы, дакументы, але таксама і тэлефон. Акрамя правярання, асобы ў цывільным ладзяць гутаркі, падчас якіх запытваюцца пра стаўленне да вайны ва Украіне, пра стаўленне да пратэстаў у Беларусі. Юрыст Арцём Праскаловіч каментуе «Белсату», што гэтыя правяранні, як і шмат якія іншыя падзеі ў нашай краіне немагчыма сёння аналізаваць з катэгорыяў законнасці.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі / Telegram

Пры ўездзе ў краіну многія беларусы сутыкнуліся з тым, што іх пачалі дапытваць сілавікі. Часам гэтыя допыты прыводзяць да затрыманняў. Чытачы «Белсату» распавядаюць, што асобы ў цывільным патрабуюць доступу да тэлефону, запытваюцца пра стаўленне да вайны ва Украіне, пра ўдзел у пратэстах у Беларусі.

Арцём Праскаловіч, юрыст народнага антыкрызіснага ўпраўлення ў каментары «Белсату» адзначыў, што на жаль, немагчыма сёння разважаць пра Беларусь у катэгорыях законнасці ці незаконнасці, відавочна, што прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі могуць і робяць усе, што лічаць неабходным, каб запалохваць і тэрарызаваць беларусаў.

Паводле юрыста, гэтыя допыты звязаныя з пратэставай і вайсковай актыўнасцю, якая ёсць унутры Беларусі, каля яе межаў. І такім чынам памежным камітэт спрабуе супрацьстаяць тым выклікам, якія існуюць сёння. Бо, відавочна, межы Беларусі дзіравыя і яны не спраўляюцца са сваёй працай. Таму працуюць не кропкава, але суцэльна, правяраюць як мага больш людзей, каб знайсці зачэпку.

Парады
Як захаваць фота з пратэстаў, каб іх не знайшлі сілавікі
2021.12.21 21:00

Таксама ўсё часцей сілавікі і памежнікі пачалі запытвацца ў беларусаў пра наяўнасць віду на жыхарства ў іншай краіне, або іншых дакументаў. Юрыст раіць весці сябе падчас такіх размоваў карэктна з сілавікамі.

«Калі чалавек упэўнены, што ніхто не можа ведаць, што ў яго ёсць такія дакументы, то канечне, можа максімальна спакойна адказваць, што ў яго няма нейкіх дакументаў, або ён не можа прадставіць такую інфармацыю. Пра некаторыя факты можна казаць, што забыў, бо падчас такіх размоваў няма адміністрацыйнага, або крымінальнага працэсу і чалавек мае права не сведчыць супраць сябе. Але, канечне, я заклікаю весці сябе максімальна карэктна з гэтымі асобамі, бо гэтая размова можа перарасці ў супраціў асобе пры выкананні службовых абавязкаў і з гэтага атрымаюцца содні арышту, або крымінальная справа», – кажа Арцём Праскаловіч.

Hавiны
«Людзі ў цывільным» сталі адводзіць «на размову» беларусаў, якія прылятаюць у менскі аэрапорт
2023.05.19 19:16

Улады хочуць ведаць пра від на жыхарства ў беларусаў

Допыты пра наяўнасць замежных дакументаў у грамадзянаў Беларусі можа таксама быць выкліканы і там, што з 11 ліпеня сёлета набудзе моц закон, паводле якога кожны беларус, які мае від на жыхарства ў іншай краіне, абавязаны паведаміць пра гэты дакумент у дзяржаўныя органы, або ў амбасаду Беларусі. У новым законе прапісана, што гэта абавязковае патрабаванне, але няма прапісанай адказнасці, калі чалавек гэтага не зробіць.

Паводле суразмоўцы «Белсату», гэтая норма таксама зробленая дзеля таго, каб запалохаць людзей, каб атрымаць ад людзей інфармацыю пра сувязі з дэмакратычнымі краінамі.

«Таксама думаю, што гэта можа быць і дэманстрацыя прарасейскім грамадзянам, якія могуць мець і грамадзянства РФ, што і да іх нормы і патрабаванні таксама адносяцца. Такія асобы могуць страціць сваю пасаду ў дзяржаўных структурах. Але для астатніх грамадзянаў ніякай адказнасці за парушэнне гэтага патрабавання сапраўды не існуе. Пры гэтым нельга прадказаць, як далей гэта будзе выкарыстоўвацца», – кажа Арцём Праскаловіч.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дзяржаўны герб Беларусі на памежным пункце пропуску. Бераставіца, Беларусь. 23 студзеня 2023 года.
Фота: gpkgovby / Telegram

Юрыст выказвае меркаванне, што асобам, якія маюць замежныя дакументы, чыноўнікі могуць увесці 100 % аплату камунальных паслугаў, або пазбавяць права на медычную абслугу, або на атрыманне бясплатнай адукацыі. Юрыст раіць не агучваць сілавікам сваю асабістую інфармацыю.

«Я пакуль не бачу магчымасцяў у рэжыма адміністраваць гэтае пытанне, даведвацца пра наяўнасць дакументаў ад іншых бакоў. Суседнія еўрапейскія, Заходнія краіны не прадставяць такую інфармацыю рэжыму, ён можа атрымаць яе толькі з нейкіх аператыўных крыніц, але гэта не будзе мець масавы характар, таму варта пачакаць і разумець, што наўпрост у гэтым пытанні адказнасці не прадугледжана», – кажа наш суразмоўца.

Пры гэтым прадстаўнік народнага антыкрызіснага ўпраўлення дадае, што сёння Лукашэнка імкнецца кантраляваць сваё атачэнне, сітуацыю ў гэтым атачэнні. Крэмль персанальна для Лукашэнкі ўяўляе небяспеку. І калі ў ягоным атачэнні, асабліва сярод сілавікоў, будзе большасць тых, хто гатовы па першым закліку падпарадкавацца яшчэ больш Маскве, то самаабвешчанаму кіраўніку Беларусі гэта замінае. Адсюль такі тэхнічны захад можа быць прыняты, каб не напружваючы сітуацыю па фармальных прычынах, мець магчымасць звольніць пэўнага чыноўніка. Дзяржслужбоўца ў нашай краіне не можа быць грамадзянінам іншай краіне, а гэты закон можа ахапіць каго заўгодна, хто можа мець нейкія фінансавыя або грамадзянскія ільготы з боку Расеі. Гэта дазволіць уплываць на сітуацыі Лукашэнку так, як ён вырашыць на сваю выкарыстаць.

Парады
Тэлефон шмат ведае пра вас. Ці здасць ён вас КДБ?
2021.05.04 12:56

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў